У Камітэт ААН па правах чалавека праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму звярталіся Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач (праваабаронца Павел Левінаў), Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова (праваабаронца Леанід Судаленка).
Сутнасць іх скаргі палягала ў тым, што Беларусь парушыла правы журналістаў на свабоду выказвання думкі. Краіна прыцягнула гэтых журналістаў да адказнасці і наклала на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.
14 сакавіка 2023 года Камітэт разгледзеў іх скаргі па сутнасці.
У Камітэце адзначылі, што частка трэцяя артыкула 19 Пакта дазваляе абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоды выказвання і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, або здароўя і маральнасці насельніцтва.
Любое абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў не павінна насіць празмерны характар, гэта значыць павінна быць найменш навязлівым сярод мер, якія могуць дасягнуць адпаведнай абароны функцыі і прапарцыянальным інтарэсам, якія трэба абараняць.
Камітэт прапанаваў Беларусі прадэманстраваць, што абмежаванні правоў журналістаў у адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта былі неабходнымі і прапарцыянальнымі. На што атрымаў адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі Закон аб СМІ і працавалі без акрэдытацыі.
Камітэт звярнуў увагу на тое, што ў дадзеным выпадку да аўтараў былі прымененыя адміністрацыйныя пакаранні: буйныя штрафы на падставе Закона аб СМІ, які цягне за сабой забарону ажыццяўляць журналісцкую дзейнасць у Беларусі з далейшай публікацыяй у замежных СМІ без акрэдытацыі ў якасці прадстаўніка замежных СМІ.
У гэтай сувязі Камітэт па правах чалавека звяртае ўвагу на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі аб свабодзе меркаванняў і іх выказвання, дзе Камітэт прама сцвярджае, што агульныя дзяржаўныя сістэмы рэгістрацыі або ліцэнзавання журналістаў несумяшчальныя з часткай 3 артыкула 19 Пакта.
Абмежаваныя схемы акрэдытацыі дапушчальныя толькі пры неабходнасці прадастаўлення журналістам прывілеяванага доступу да пэўных падзей.
Разгледзеўшы справу, камітэт прызнаў, што Беларусь парушыла законныя правы журналістаў на збор і распаўсюд інфармацыі, замацаваныя ў артыкуле 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Цяпер улады краіны павінны кампенсаваць ім прызначаныя штрафы і іншыя судовыя выдаткі, а таксама перагледзець закон аб СМІ у адпаведнасці з патрабаваннямі 19-га артыкула Міжнароднага пакта.
Камітэт па правах чалавека спадзяецца атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб прынятых мерах.
Варта адзначыць, што журналістка Ларыса Шчыракова абвінавачаная з тым, што «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Яна ж, паводле пракуратуры, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»».
Справу журналісткі разбіралі на закрытым судовым пасяджэнні у Гомельскім абласным судзе. 31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (Дыскрэдытацыя Беларусі). Ларысу асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 100 велічынь. Таксама, згодна з выракам суда, у яе часткова канфіскаваная маёмасць.
Паводле baj.media/вх