Беларуская Служба

Лукашэнка падпісаў закон, які абавязвае рэлігійныя арганізацыі прайсці перарэгістрацыю

04.01.2024 10:35
 Патрабаванні сталі больш жорсткімі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: _Alicja_/pixabay.com/CC0

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які мяняе ранейшыя законы ў пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый.

Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, павысяцца патрабаванні «для стварэння рэспубліканскага рэлігійнага аб'яднання» – трэба будзе, каб у яго былі рэлігійныя грамады ва ўсіх абласцях і ў Мінску.

Павялічана таксама колькасць рэлігійных грамадаў, неабходных, каб стварыць «рэспубліканскае абʼяднанне». Пры гэтым хаця б адна з іх павінна ажыццяўляць дзейнасць на працягу не менш як 30 гадоў.

Цягам году пасля ўступлення ў сілу закону павінна прайсці перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый.

Паводле сайту Лукашэнкі, новым законам прадугледжана, што рэлігійныя арганізацыі змогуць ствараць структуры па сацыяльнай рэабілітацыі залежных ад псіхаактыўных рэчываў, па аказанні сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам і інвалідам. Таксама можна будзе ствараць дзіцячыя дамы пры манастырах па ўзгадненні з абласным (ці Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам.

Тэкст закону пакуль не апублікаваны. Паводле законапраекту, які публікавалі раней, уводзяцца дадатковыя абмежаванні – у прыватнасці, кіраўнікамі рэлігійных арганізацый не змогуць быць людзі са спісаў тых, каго ўлады назвалі датычнымі да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а ў цэрквах падчас багаслужбаў нельга будзе выкарыстоўваць ніякую сімволіку, акрамя рэлігійнай, і праводзіць любыя сходы.

ав/Свабода