Памежная служба Польшчы выкрыла міжнародную злачынную групоўку.
33-гадовы сірыец, заснавальнік і член міжнароднай арганізаванай злачыннай групоўкі, які знаходзіцца ў вышуку паводле еўрапейскага ордара на арышт, быў затрыманы ў Германіі супрацоўнікамі памежнай службы і нямецкай паліцыі.
Мужчына быў арганізатарам нелегальнай міграцыі з Беларусі праз Польшчу ў краіны Заходняй Еўропы.
З атрыманых такім чынам сродкаў ён разам з іншымі людзьмі перавёў не менш за 30 мільёнаў долараў у крыптавалюце тэрарыстычным арганізацыям: узброенаму крылу «Хезбалы» і «Палестынскаму джыхаду».
Расследаванне вядзе Бугскі аддзел памежнай аховы пад наглядам Люблінскага аддзела Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне.
Сірыйца затрымалі ў ходзе каардынаваных Еўраполам аперацый, якія праводзіліся адначасова ў васьмі краінах Еўропы. Былі затрыманыя арганізатары нелегальнай міграцыі ў Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Літве, Латвіі, Эстоніі і Швецыі.
Па версіі следства, 33-гадовы сірыец быў заснавальнікам і членам арганізаванай міжнароднай злачыннай групы, якая з сакавіка 2021 года па лістапад 2023 года перавезла 3 500 чалавек з Сірыі, Емена і Ірака ў Беларусь. Затым іншаземцаў адпраўлялі ў Польшчу і далей у краіны Заходняй Еўропы.
Паводле папярэдніх падлікаў, грамадзянін Сірыі атрымаў фінансавую выгаду ў памеры не менш за 1,67 млн еўра ад арганізацыі перапраўкі людзей праз мяжу, зрабіўшы гэтую практыку для сябе пастаяннай крыніцай даходу. У зону дзеянняў групоўкі ўваходзілі Польшча, Беларусь, Германія і краіны Блізкага Усходу: Іран, Емен, Ірак і Сірыя.
Па папярэдніх ацэнках, абʼём крыптавалютных патокаў на раскрытых кашальках складае каля 581 млн долараў. З гэтай сумы прыкладна 30 мільёнаў долараў датычыліся пераводаў, звязаных з рахункамі ўзброенага крыла «Хезбалы» і «Ісламскага джыхаду».
Цяпер затрыманы грамадзянін Сірыі чакае рашэння нямецкага суда наконт яго перадачы ў Польшчу. Яму выставяць абвінавачанне ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай і ўдзеле ў ёй, арганізацыі нелегальнай міграцыі і фінансаванні тэрарызму. Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.
вх