Беларуская Служба

У Беларусі пастаянна змяншаецца нараджальнасць

16.05.2024 16:40
Нараджальнасць перастала публікавацца пасля 2020 года. Аднак на аснове ўскосных дадзеных беларускія дэмографы робяць свае разлікі - і яны несуцяшальныя, піша беларускі thinktanks.
Мама з дзіцём CC0 Domena publiczna

Драматычнае падзенне нараджальнасці ў Беларусі назіраецца з канца 2016 года, калі нарадзілася 11 7779 дзяцей, а праз тры гады ў 2019 - толькі 87 602.

З 2020 года Белстат перастаў публікаваць дэмаграфічную статыстыку, таму колькі зараз нараджаецца дзяцей, мы не ведаем. Аднак беларускія эканамісты робяць свае разлікі. Адзін з іх прадставіў эканаміст Анатоль Злотнікаў у часопісе БДУ "Сацыялогія".

Згодна з ім, нараджальнасць працягвае падаць: у 2020 годзе яна склала каля 83,8 тыс. чалавек, а з 2021 па 2023 гады паказчык не ўзнімаўся вышэй за 80 тыс. чалавек.

Няма каму нараджаць

Матэрыялы перапісу насельніцтва 2019 года паказалі, што колькасць жаночага насельніцтва ў актыўным рэпрадуктыўным узросце (15-49 гадоў) істотна знізілася. У 2019 годзе іх аказалася на 14,5% менш, чым было ў 1999 годзе, і на 5,6% менш, чым у 2009.

Што да дзяўчат 15–19 гадоў, якія ў наступныя дзесяцігоддзі павінны забяспечыць нараджальнасць, то іх засталося на 42,6% менш, чым было 20 гадоў таму, і на 25,3% менш, чым 10 гадоў таму.

За апошняе дзесяцігоддзе самае значнае падзенне колькасці адносіцца да жанчын ва ўзросце 20-24 гадоў, на якіх прыпадае больш за ўсё першых нараджэнняў - мінус 42%.

Будучыня пад пытаннем

Цяпер Беларусь мае самую нізкую за ўсю гісторыю колькасць народжаных дзяцей жаночага полу, якая адлюстроўвае дэмаграфічны патэнцыял народа. У 1997-2005 гадах нараджалася менш за 46 тыс. немаўлят жаночага полу штогод. Потым паказчык пачаў расці і дасягнуў у 2016 годзе больш як 57 тыс. чалавек. Пасля чаго падзенне вярнулася: за 5 гадоў да 2020 года рэпрадуктыўны патэнцыял беларускага народа скараціўся амаль на 20 тыс. будучых маці.

Скарачэнне, па разліках аўтара, працягваецца і зараз: у 2022 годзе, верагодна, нарадзілася толькі 36 тыс. немаўлят жаночага полу - гэта гістарычны мінімум.

яс