Беларуская Служба

Да Алімпіяды ў Парыжы дапусцілі яшчэ чатырох беларускіх спартсменаў

05.07.2024 16:45
Агулам Міжнародны алімпійскі камітэт накіраваў запрашэнні 23 беларускім спартоўцам.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/Anncapictures

Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў яшчэ чатырох беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе. Запрашэнні атрымалі плыўцы Аліна Змушко, Ілля Шымановіч і Анастасія Шкурдай, а таксама тэквандыст Георгій Гурцыеў. На сайце МАК не пазначана, ці прынялі гэтыя спартсмены запрашэнні, паведамляе «Наша Ніва».

Агулам МАК накіраваў запрашэнні 23 беларускім спартоўцам. Шасцёра з іх – Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна (усе – барацьба) і тэнісістка Арына Сабаленка – адмовіліся ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.Тэнісістка Вікторыя Азаранка таксама, як выглядае, не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе.

Раней пацвердзілі свой удзел у Гульнях весляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралкі Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісістка Вікторыя Азаранка, Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка), а таксама Абубакар Хаслаханаў (барацьба), Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна (веславанне на каноэ).

аз