Беларуская Служба

Беларусь спрабуе закрываць вакансіі замежнымі работнікамі

07.07.2024 09:15
У Беларусі ўжо год дзейнічаюць спрошчаныя правілы для ўезду замежных работнікаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле статыстыкі МУС, за 2023 год у Беларусь прыехалі 9,5 тыс. замежных працаўнікоў з краін, якім патрабуецца праходзіць легалізацыю. І яшчэ 3,9 тыс. – з Еўразійскага эканамічнага саюза, пішуць у «Белорусы и рынок», на што звярнула ўвагу «Наша Ніва».

У 2023 годзе, як і ў папярэднія перыяды, на першым месцы па колькасці прыезджых работнікаў стаяць расіяне, а на другім – кітайцы. Апошніх у 2022 годзе заехала 2 тыс., а ў 2023 – ужо 2,4 тыс.

У тройку лідараў прабіўся Туркменістан – 2087 людзей, якія прыехалі, у той час як годам раней іх было толькі 808. Гэта значыць, туркменаў прыехала ў 2,5 разу больш. Гэтая краіна выцесніла з топ-3 Украіну, хоць з апошняй прыток людзей таксама вырас – на 100 чалавек, да 1,4 тыс.

Значная колькасць імігрантаў прыехала таксама з:

Узбекістана – 925 (супраць 750 у 2022 годзе)
Азербайджана – 338 (268 у 2022-м)
Таджыкістана – 366 (200)
Арменіі – 266 (333)
Казахстана – 281 (322).

Больш за сотню прыбыло з Кыргызстана, Малдовы і Непала. Астатнія краіны прадстаўленыя дзясяткамі і адзінкамі прыезджых.

Бязвізавым рэжымам, летась скарысталіся толькі 75 чалавек з Польшчы, з Літвы – 80, з Латвіі – 84.

Якога ўзроўню спецыялісты?

Кітай лідзіруе ў опцыі кіраўнікоў – 177 чалавек, а ўкраінцы – па колькасці сельгасрабочых (174). Прыезджыя з Туркменістана ў большасці сталі работнікамі сферы абслугоўвання (амаль 400 чалавек) і рабочымі (287).

Ці закрылі дэфіцытныя вакансіі?

З ліпеня да канца 2023 года ў Беларусі дзейнічаў пералік прафесій ад Мінпрацы, па якіх не трэба атрымліваць спецдазвол, каб працаўладкавацца ў Беларусі. Ён складаўся з 10 прафесій, самых запатрабаваных рынкам працы.

Усяго па гэтай схеме было працаўладкавана 580 чалавек, большасць з якіх (273) стала кіроўцамі. Пры гэтым 187 пазіцый кіроўцаў занялі туркмены.

Па астатніх спецыяльнасцях набор быў наступны:

швачка: 65 іншаземцаў (з іх большасць склалі выхадцы з Непала – 32 чалавекі),
інжынер: 58 іншаземцаў (з іх 27 чалавек кітайцаў),
трактарыст: 47 (з іх 11 украінцаў і 10 узбекаў),
лекар: 46 (з іх 26 туркменаў),
медбрат: 38 (з іх 18 туркменаў),
слесар: 33 (10 расіян і 9 туркменаў),
электрык: 8 (Узбекістан і Украіна),
ветэрынар: 6 (Малдова і Украіна),
фельчар: 5 (Туркменістан).

яс