Беларуская Служба

Лукашэнка заклікаў расіян і ўкраінцаў раскупляць участкі ў Беларусі

07.07.2024 12:01
Раскупляць участкі ў Беларусі заклікаў расіян і ўкраінцаў Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня ў Александрыі, выступаючы на фестывалі «Купалле. Александрыя збірае сяброў».
Ілюстрацыйнае фотаPolskie Radio/Jolanta Śmiałowska

Паводле слоў Лукашэнкі, у краіне засталіся «сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат людзей», гэта «выдатныя месцы, цуд-месцы», якія «не павінны загінуць». «А хто іх адновіць, хто іх захавае? Мы з вамі!» – заявіў ён, на гэтыя словы звярнуў увагу Pozirk.

«Вы павінны адрадзіць гэтыя вёсачкі, – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да гараджан. – Няхай у вас там будзе лецішча. Бо гэта 40–50 сотак зямлі – гэта немалы кавалак».

Паводле яго слоў, «заўтра гэтых участкаў ужо не будзе», таму што «Беларусь стала ціхім і спакойным, утульным кутком для расіян, украінцаў», якія прыязджаюць «за спакоем і цішынёй».

Паводле даных Белстата, на 1 студзеня 2024 года ў Беларусі налічвалася 9.155.978 жыхароў. Для параўнання: на пачатак 2023 года ў краіне пражывала 9.200.617 чалавек, 2022-га – 9.255.524, 2021-га – 9.349.645, 2020-га – 9.410.259. Такім чынам, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, за чатыры гады колькасць жыхароў скарацілася на 254.281.

На хвалі рэпрэсій, якімі ўлады адрэагавалі на масавыя пратэсты пасля выбараў, з краіны з’ехала вялікая колькасць грамадзян. Згодна з неафіцыйнымі данымі, лік ідзе на сотні тысяч чалавек.

яс