Два польскія ваенныя пілоты ў панядзелак пачынаюць навучанне на самалётах пятага пакалення F-35, паведаміў Польскаму радыё інспектар Ваенна-паветраных сілаў Польшчы, дывізіённы генерал Ірэнэвуш Новак.
Абодва афіцэры стануць не толькі першымі пілотамі новых самалётаў у Войску Польскім, але таксама будуць інструктарамі для іншых лётчыкаў. Генерал зазначыў, што пілоты, якія знаходзяцца ў ЗША на падрыхтоўцы, гэта дасведчаныя вайскоўцы з вялікай колькасцю налётаў на F-16.
Пілоты пройдуць навучанне на самалёце, які ў канцы жніўня быў афіцыйна паказаны вытворцам на ўрачыстай дэманстрацыі для ВПС Польшчы. Паводле дамовы з амерыканскім бокам, навучанне экіпажаў на F-35 можа адбывацца толькі на самалётах, вырабленых для адпаведнага заказчыка, у дадзеным выпадку для ВПС Польшчы.
Першы польскі F-35 прыбудзе на авіябазу «Эбінг» у Форт-Сміце ў канцы лістапада гэтага года. У бліжэйшыя месяцы на базу будуць дастаўленыя восем першых самалётаў для польскай арміі. Плануецца, што F-35 прыбудуць на авіябазу прыпіскі «Ласк» у цэнтральнай Польшчы на пачатку 2026 года.
Польскі ўрад падпісаў пагадненне з ЗША на пастаўку 32 самалётаў пятага пакаленьня F-35 у студзені 2020 года. Кошт кантракту складае больш за 4 млрд 500 млн долараў.
F-35 - малапрыкметны шматфункцыянальны знішчальнік пятага пакалення, распрацаваны карпарацыяй Lockheed Martin. Першы палёт самалёта быў здзейснены ў 2006 годзе. Вытворчасць знішчальніка пачалася ў 2011 годзе, а эксплуатацыя – у 2015-м.
Аснову польскай знішчальнай авіяцыі складаюць самалёты F-16, якіх Польшча мае 48-м. На ўзбраенні ВПС таксама ёсць 14 знішчальнікаў МіГ-29, эксплуатацыя якіх павінна закончыцца ў 2027 годзе.
вс
галоўны здымак: першы польскі F-35 падчас урачыстай дэманстрацыі
здымак з парталу Х: дывізіённы генерал Ірэнэвуш Новак падчас дэманстрацыі знішчальніка для ВПС Польшчы