Беларуская Служба

«The Washington Post» нагадала пра беларускіх палітвязняў

07.07.2024 14:05
 Амерыканская газета «The Washington Post» у рэдакцыйнай калонцы нагадала, што гэта негуманна і забаронена Генасамблеяй ААН.
     ()
Здымак з пікета ў Варшаве (архіў)Polskie Radio/Jolanta Śmiałowska

Мноства беларускіх палітвязняў трымаюць без сувязі з вонкавым светам – гэта завецца рэжымам інкамунікада. Амерыканская газета «The Washington Post» у рэдакцыйнай калонцы нагадала, што гэта негуманна і забаронена Генасамблеяй ААН, адзначае Белсат.

«Палітычныя зняволеныя, якіх кінулі ў турэмныя камеры за выступы супраць аўтарытарнай улады або за журналістыку, якая раскрывае праўду, часта перажываюць жудасныя жахі, – піша «The Washington Post». – Яны задаюцца пытаннем: хто-небудзь яшчэ памятае мяне? Маўчанне можа выклікаць жах. Пры дыктатары Аляксандры Лукашэнку Беларусь часта служыла палігонам для выпрабавання метадаў рэпрэсіяў. Ён цяпер ладзіць жорсткія псіхічныя катаванні, утрымлівае палітвязняў у інкамунікада больш за год».

Выданне згадвае палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча. Іх не проста трымаюць без лістоў, тэлефанаванняў і спатканняў: невядома нават, ці жывыя яны на сённяшні дзень, а аб тым, у якім яны стане былі месяц-другі таму, вядома толькі ад былых сукамернікаў, якія выйшлі на волю. Яны ў рэжыме інкамунікада больш за год – і яны не адны такія ў Беларусі.

Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў ухваліла Міжнародную канвенцыю ў абарону ад гвалтоўнага знікнення, яна набыла моц 23 снежня 2010 года. Яе падпісалі 98 дзяржаваў, ратыфікавала 71 дзяржава. Беларусь яе не падпісала і не ратыфікавала, таксама як Злучаныя Штаты, Кітай, Расія, Саудаўская Аравія і многія іншыя.

«The Washington Post» згадвае, што ў рэжыме інкамунікада трымалі палітвязняў таксама ў Кітаі і Саудаўскай Аравіі. Выданне заклікае ЗША і іншыя краіны рэгулярна патрабаваць доказаў таго, што зняволеныя жывыя, і не даваць дыктатарам «зачыняць турму і выкідаць ключ».

яс