Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Карэйскай Народна-дэмакратычнай Рэспублікі Чхо Сон Хуэй абмеркавалі «увесь блок двухбаковых пытанняў і дамовіліся аб канкрэтных захадах па інтэнсіфікацыі ўзаемных кантактаў на розных узроўнях, – піша svaboda.org.
Як адзначаецца ў паведамленні прэсавай службы МЗС Беларусі, бакі дамовіліся аб развіцці дагаворна-прававой базы і актывізацыі ўзаемадзеяння паміж замежнапалітычным ведамствамі дзвюх краін.
«Міністры канстатавалі супадзенне пазіцый і пагадзіліся працягваць супольныя намаганні ў мэтах прасоўвання да справядлівага шматпалярнага свету», – адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.
МЗС Беларусі і КНДР дамовіліся ўзаемадзейнічаць у міжнародных арганізацыях, а таксама абмеркавалі «сітуацыю ў сферы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі».
Чхо Сон Хуэй выказала падтрымку намаганняў Беларусі «ў супрацьстаянні незаконным санкцыям і абмежаванням з боку групы заходніх дзяржаў».
На перамовах з міністрам замежнаэканамічных сувязяў КНДР абмеркавалі эканамічнае супрацоўніцтва ў сферах, «неабмежаваных рашэннямі Рады Бяспекі ААН». Сярод такіх кірункаў назвалі пытанні харчовай бяспекі, адукацыі, аховы здароўя.
Прэсавая служба МЗС Беларусі паведаміла, што ў складзе беларускай дэлегацыі знаходзяцца першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, намеснік міністра аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Вадзім Шагойка.
Беларусь і КНДР дамовіліся правесці сёлета чарговае пасяджэнне камісіі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
эж