Беларуская Служба

Уладальнік беларускай крамы ў Вільні лічыць, што напад на краму - правакацыя

28.07.2024 12:56
На будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні напісалі «вяртайцеся дадому, беларускія свінні», разбіта акно.
Аўдыё

Напісы на краме "Кропка" Напісы на краме "Кропка"

На будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні гэтай ноччу невядомыя напісалі «вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Надпіс зроблены на літоўскай мове. Апроч гэтага, у краме разбілі акно.

Крама беларускіх сувеніраў і сімволікі ў цэнтры Вільні па адрасе Savičiaus g. 6 адкрыў былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго жонка Вольга. Пара працуе ў тым ліку з майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь.

Адна з версій, якую абмяркоўваюць у сацсетках – гэта тое, што правакацыю зладзілі беларускія спецслужбы. Апошнім часам невядомыя зрабілі некалькі правакацыйных надпісаў на помніках і будынках Вільні.

- Я лічу, што гэта правакацыя лукашыстаў, – паведаміў карэспандэнту «Новай газеты. Балтыя» гаспадар крамы Дзмітрый Фурманаў.

Ён таксама расказаў, што ў паліцыі ёсць відэазапіс інцыдэнту. Камера зафіксавала чалавека, які пасля здзейсненага зрабіў фатаграфію.

Па словах уладальнікаў крамы, акрамя надпісаў і пабітага шкла больш пашкоджанняў няма. На месцы здарэння працуе паліцыя.

Новая газеты. Балтыя/ав