Беларуская Служба

Экс-прэм’ер Бангладэш, якая пакінула краіну, можа папрасіць прытулак у Беларусі

07.08.2024 16:02
Магчыма, гэта звязана з тым, што афіцыйны Мінск ігнаруе запыты кыргызскай генпракуратуры аб выдачы экс-прэзідэнта Кыргызстана.
-
Экс-прэм’ер Бангладэш Шэйх ХасінаPAP/EPA/NARONG SANGNAK

Прэм’ер-міністр Бангладэш Шэйх Хасіна, якая падала ў адстаўку і пакінула краіну 5 жніўня на хвалі пратэстаў, разглядае Беларусь у якасці адной з краін, да якой можа звярнуцца па палітычны прытулак, паведамляе «Позірк» са спасылкай на індыйскі Free Press Journal (FPJ).

Цяпер палітык знаходзіцца ў Індыі. Раней паведамлялася, што яна звярнулася па прытулак да Вялікабрытаніі, аднак, паводле СМІ, у Лондане далі зразумець, што яна можа не атрымаць прававой абароны ў выпадку магчымага расследавання масавых пратэстаў у яе краіне, якія прывялі да гібелі сотняў людзей.

У сувязі з гэтым у якасці патэнцыйных дзяржаў для прыстанішча Шэйх Хасіна нібы разглядае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Беларусь, Катар, Саудаўскую Аравію і Фінляндыю.



На пачатку ліпеня ў розных гарадах Бангладэш пачаліся выступленні студэнтаў супраць сістэмы квот на працоўныя месцы для сваякоў удзельнікаў вайны за незалежнасць 1971 года. Паступова маніфестацыі перараслі ў беспарадкі, у ходзе якіх арыштавана не менш за 10 тысяч чалавек.

Антыўрадавыя пратэсты ўспыхнулі з новай сілай 4 жніўня ў сталіцы Даке і іншых гарадах. Удзельнікі акцыяў патрабавалі адстаўкі Шэйх Хасіны.

Па дадзеных паліцыі і медыкаў, колькасць загінулых падчас пратэстаў у Бангладэш дасягнула 300.

У краіне была ўведзена каменданцкая гадзіна, дні з 5 па 7 жніўня аб’яўлены выходнымі.

6 жніўня прэзідэнт Бангладэш заявіў аб роспуску парламента і прызначыў часова выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Мухамада Юнуса.

Не выключана, што магчымасць атрымання прытулку ў Беларусі разглядаецца ў сувязі з тым, што афіцыйны Мінск ігнаруе запыты кыргызскай генпракуратуры аб выдачы былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, а на радзіме завочна прыгавораны ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных з карупцыяй.

аз