Беларуская Служба

Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду па памілаванні?

21.08.2024 08:05
Сярод вызваленых па памілаванні — Ксенія Луцкіна, Ірына Санкоўская, Вольга Стаброўская, Ала Зуева і Вольга Новікава, Васіль Бераснёў.
     ,  ,   ,    .
Сярод вызваленых — Ірына Санкоўская, Вольга Новікава, журналістка Ксенія Луцкіна, прафсаюзны лідар Васіль Бераснёў.Фота: screenshot

Ксенія Луцкіна — былая журналістка БТ, якой прысудзілі 8 гадоў калоніі. Яна мае цяжкае захворванне — пухліну ў галаўным мозгу, пакутуе ад невыносных боляў.

59-гадовая Ірына Санкоўская была асуджана ў снежні 2023 года на паўтара года калоніі за каментары пра Лукашэнку і «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Ёй удалося выйсці на тры месяцы раней.

Вользе Новікавай 31 год. У 2022 годзе яна была затрыманая за ўдзел у пратэстах 2020 года і асуджаная па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд праваабаронцам невядомы.

Яе 35-гадовы муж Віктар Новікаў таксама быў вызвалены па памілаванні, але яшчэ 3 ліпеня. Новікавы правялі за кратамі больш чым па 2 гады, іх тэрмін неўзабаве мусіў сканчацца.

74-гадовы прафсаюзны лідар Васіль Бераснёў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамасловасці, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сітуацыя была настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мела сэнсу, патрэбна была перасадка ныркі.

Кацярына Леў — нарадзілася ў 1980 годзе. Затрыманая 1 лютага 2023, прысуджаная да 2 гадоў за «абразу» міліцыянераў.

Наталля Пятровіч — нарадзілася ў 1955 годзе. Затрыманая 19 снежня 2022, прысуджаная да 6 гадоў зняволення па 5 розных артыкулах — «абраза» Лукашэнкі, удзел у экстрэмісцкім фарміраванні, заклікі да санкцый і іншае.

Тамара Каравай — нарадзілася ў 1979 годзе. Затрыманая 5 студзеня 2023, прысуджаная да 2 гадоў за «паклёп» у дачыненні Лукашэнкі.

Святлана Палуэктава — нарадзілася ў 1986 годзе. Затрыманая 3 мая 2023, прысуджаная да 2 гадоў і 6 месяцаў за ўдзел у пратэстах, а таксама «абразу» Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.

16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў — 16 мужчын і 14 жанчын.

У ліпені стала вядома пра выхад з калоній 18 палітвязняў. Іх імёны вядомыя толькі часткова — былі апублічаныя Рыгор Кастусёў, Дар’я Лосік, Паліна Палавінка.

вх