Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен накіравала ліст Святлане Ціханоўскай, дзе пацвердзіла дасведчанасць у справе беларускага рэжысёра, актывіста і журналіста Андрэя Гнёта, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Еўрапейская камісія давяла кіраўніцтву Сербіі пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэсліла нашыя чаканні, – паведамі Урсула фон дэр Ляен. — Еўрапейская камісія знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам. У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні – і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда. Мы давялі кіраўніцтву краіны пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэслілі нашыя чаканні. Справа Андрэя Гнёта павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза».
Акрамя таго, прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі асобна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюзу неаднаразова даводзілі да сербскіх уладаў наступнае:
- ордар на арышт спадара Гнёта быў палітычна матываваным;
- у выпадку экстрадыцыі на радзіму беларус сутыкнецца з рэпрэсіямі.
Паведамляецца, што Офіс Святланы Ціханоўскай кожны дзень вядзе працу на палітычным узроўні па пытаннях экстрадыцыі беларусаў больш чым у 15 краінах.
Афіцыйна ў Беларусі супраць Андрэя Гнёта выстаўлена абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў. Андрэй Гнёт і ягоныя адвакаты настойваюць, што беларуса перасклюдуюць з-за ягонай палітычнай дзейнасці. Гнёт з'яўляецца адным з заснавальнікаў аб'яднання спартоўцаў SOS BY. У 2022 годзе ўлады Беларусі аб'явілі яе «экстрэмісцкім фарміраваннем».
41-гадовы Андрэй Гнёт - рэжысёр тэлерэкламы і музычных відэа, журналіст, палітычны актывіст. Ён быў затрыманы ў Сербіі 30 кастрычніка 2023 года. Праз паўтара месяца пасля затрымання сербскі суд прыняў рашэнне перадаць Андрэя Гнёта ў Беларусь, ён падаў апеляцыю. У сакавіку 2024-га апеляцыйны суд адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю. Справу адправілі на паўторны разгляд. У чэрвені 2024 года суд зноў вынес рашэнне аб экстрадыцыі. Андрэй Гнёт і ягоныя абаронцы падалі новую апеляцыю.
Не дапусціць экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь заклікалі каля 500 дзеячаў з сусветнай мастацкай супольнасці, сярод іх - рэжысёры Вім Вендэрс, Алег Сянцоў, Агнешка Холанд, Кірыл Сярэбранікаў, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, пісьменнік Саша Філіпенка ды іншыя.
Суд у Бялградзе разгледзеў апеляцыю Андрэя Гнёта на яго экстрадыцыю ў Беларусь. Рашэнне будзе прынятае на працягу 30 дзён. У гэты час актывіст будзе заставацца пад хатнім арыштам.
вх