На тэлеканале «Беларусь 1» анансавалі фільм пра тое, што ў Беларусі злавілі агента спецслужбаў Японіі, паведамляе «Наша Ніва».
Падкрэсліваецца, што дзейнасць японскіх спецслужбаў спыненая «ўпершыню ў гісторыі Беларусі», а злоўлены агент «меў самыя шырокія інтарэсы, пачынаючы ад збору інфармацыі пра сацыяльна-палітычнае становішча ў Беларусі, рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» і заканчваючы тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы, здымкай вайсковай інфраструктуры».
У кароткім відэаанонсе японец называе свае імя і прозвішча Наканісі Масатосі. Раней чалавек з такімі персанальнымі звесткамі выкладаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны японскую мову.
У адным з матэрыялаў на сайце Гомельскага ўніверсітэта за 2021 год чалавек з такім іменем і прозвішчам фігуруе як дырэктар ТАА «БелНіхонінтэрнэшнл», зарэгістраванага ў снежні 2019 года. У 2020 годзе ён у такой якасці гаварыў, у прыватнасці, пра «перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Японіяй і Магілёўскім раёнам». Ёсць таксама звесткі пра ягоную падобную дзейнасць у іншых беларускіх рэгіёнах. «БелНіхонінтэрнэшнл» было ліквідавана ў красавіку 2022.
Жонка Масатосі, як ён паведамляў у інтэрв'ю для ГДУ, родам з Гомеля.
Факт затрымання 50-гадовага японца ў Беларусі «9 ліпеня за меркаванае парушэнне беларускага заканадаўства» пацвердзіла 4 верасня тэлеканалу NHK амбасада Японіі ў Мінску.
5 верасня гэтую інфармацыю пацвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі. Паводле яго слоў, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад «аказаў яму максімальную падтрымку, у тым ліку звязаўся з яго сваякамі».
аз