Як паведамляе БелТА, экс-намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка пакаралі шасцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Міхаіла Міхадзюка прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару).
Абставінамі, якія змякчаюць адказнасць, у судзе названыя «шчырае раскаянне, актыўнае садзейнічанне выяўленню злачынстваў, яўка з павіннай, кампенсацыя даходу, атрыманага злачынным шляхам, у тым ліку ўнясенне на разліковы рахунак РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі дабрачыннага ўнёску».
Суд прызначыў Міхадзюку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1 тыс. базавых велічынь на суму Br40 тыс., а таксама пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
У сувязі з амністыяй суд пастанавіў вызваліць Міхадзюка ад пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі часткова тэрмінам на год. Тэрмін адбывання пакарання лічыцца з дня ўступлення прысуду ў законную сілу.
Паводле агучанага раней абвінавачання, Міхадзюк з 2018 па 29 снежня 2023 году некалькі разоў прыняў хабар ад прадстаўніка кампаніі RIKO на агульную суму 35 тысяч еўра. Таксама ён прыняў у Мінску хабар у сербскіх дынарах «за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю». Акрамя гэтага, чыноўніку забяспечылі паездку на сербскі горналыжны курорт.
Працэс над экс-чыноўнікам пачаўся 20 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска.
На судзе ён прызнаў сваю віну.
Паводле Радыё Свабода
нг