Беларуская Служба

Улады плануюць змяніць правілы выплаты збору для тых, хто выязджае за мяжу

10.09.2024 09:02
Чыноўнікі хочуць, каб падатковы збор быў уведзены на пастаяннай аснове.
.     .
Ілюстрацыя. Мяжа Беларусі з Еўрапейскім Саюзам.Фота: Krzysztof Maria Różański, (Upior polnocy)/CC BY-SA 3.0/ Wikimedia Foundation

Чыноўнікі збіраюцца прыняць падатковыя змены. Між іншым, улады хочуць дазволіць абласным «саветам дэпутатаў» на пастаяннай аснове ўводзіць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы. Цяпер гэты падатак дзейнічае як часовая мера.

Мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы пры выездзе з краіны ўвялі ў 2021 годзе. Ён дзейнічае ў трох абласцях - Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай. Яго трэба плаціць пры выездзе ў краіны ЕС, а ў Расію - не. Суму збору ўстанаўліваюць абласныя саветы дэпутатаў, яна складае адну базавую адзінку (на сёння гэта 40 рублёў).

У Дзяржаўным памежным камітэце раней заяўлялі, што гэты збор «накіраваны на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». І хаця яе пік даўно прайшоў, збор усё роўна працягвае дзейнічаць.

Пры гэтым асаблівасць гэтага збору ў тым, што ён мясцовы, гэта значыць ідзе ў бюджэт канкрэтнай вобласці. «Збор выплачваецца ў даход бюджэту той вобласці, у якой размешчаны пункт пропуску. Напрыклад, калі выезд запланаваны праз пункт пропуску «Бераставіца» (Гродзенская вобласць), а аплата збору пераведзеная ў бюджэт Брэсцкай вобласці, збор не з'яўляецца выплачаным», — удакладняюць у Памежным камітэце.

Цяпер гэты падатак не пастаянны, мясцовыя ўлады павінны прымаць пастанову, падаўжаць яго дзеянне ці не. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці апошні раз яго ўвялі з 1 лютага гэтага года (да 1 студзеня 2025-га). Ці будуць яго працягваць зноў, пакуль невядома.

Цяпер чыноўнікі хочуць дазволіць абласным «саветам дэпутатаў» уводзіць такі збор на сталай аснове.

Паводле Хартыя'97

нг