Беларуская Служба

Беларуская армія правядзе пускі з «Паланэзаў-М» на 300 км

10.09.2024 18:02
РСЗА «Паланэз-М» беларускай вытворчасці – удасканаленая версія РСЗА «Паланэз».
Ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз» беларускай вытворчасціwikipedia.org/Homoatrox/CC BY-SA 3.0

На адным з расійскіх палігонаў праходзяць заняткі па кіраванні ракетнымі ўдарамі, у якіх у тым ліку задзейнічаныя беларускія рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз-М», паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.

У рамках заняткаў плануюцца баявыя пускі на адлегласць у 300 км, паведамляе «Белсат».

«Праходзіць падрыхтоўка да кантрольнага занятку, у дадзены момант у ходзе правядзення спецыяльнай падрыхтоўкі выконваем навучальныя ракетныя ўдары», – кажа вайсковец на відэа, якім дзеліцца Мінабароны.

Вайскоўцы адточваюць навыкі ў разгортванні баявой машыны і падрыхтоўцы яе да пускаў, адзначае Мінабароны.

У лістападзе 2023 года міністэрства хвалілася, што на ўзбраенне беларускай арміі паступіў «найноўшы комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз-М»».

РСЗА «Паланэз-М» беларускай вытворчасці – удасканаленая версія РСЗА «Паланэз».

«Асноўныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі РСЗА «Паланэз-М» палепшаныя ў параўнанні з папярэднікам і дазваляюць адной баявой машынай адначасова нанесці з высокай дакладнасцю ўдар па васьмі цэлях на адлегласць да 300 км. Гэта могуць быць камандныя пункты, арсеналы з боепрыпасамі, тэхніка і жывая сіла», – пісала Мінабароны.

«Паланэз-М» Беларусі патрэбны для «стратэгічнага стрымлівання», сцвярджала Міністэрства.

вс