Беларуская Служба

Улады не адчапіліся ад актывіста, якога штрафавалі за фота з прэзідэнтам Польшчы

12.09.2024 14:31
Гэтым разам яму забаранілі распараджацца ўласнай кватэрай.
 .
Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў Анлайн»

Рагачоўскаму актывісту Дзянісу Дашкевічу, вядомаму па адміністрацыйнай справе за фота з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам, забаранілі распараджацца кватэрай – піша «Люстэрка». Мужчына лічыць, што ягонае жыллё арыштавалі. Юрысты кажуць, што пакуль гэта не так, але справа ўсё ж можа дайсці да арышту – нядаўна ўлады актыўна ўзяліся за маёмасць нязгодных з іх палітыкай.

У канцы жніўня Дашкевічу выдалі паведамленне са Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. У ім гаворыцца, што 22 жніўня судовая выканаўца па Рагачоўскім раёне Вікторыя Буднік выдала прадпісанне на забарону ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да яго кватэры ў Рагачове. І ў адпаведнасці з законам гэтая забарона зарэгістраваная ў Жлобінскім філіяле Дзяржкамітэта па маёмасці. Падпісаны дакумент рэгістратарам нерухомасці Антонам Ярошыным.

Сам актывіст, як і раней, праз пераслед знаходзіцца ў Польшчы, але ў Беларусі застаюцца ягоная жонка і дзеці – усе яны жывуць у той самай кватэры, пра якую ідзе гаворка ў паведамленні.

Дашкевіч выказаў здагадку, што на ягонае жыллё накладзены арышт. Аднак старшыня Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна тлумачыць, што гэта не так.

– Не варта блытаць арышт і забарону на ажыццяўленне рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да нерухомай маёмасці. Пры такой забароне маёмасць, у гэтым выпадку жыллё, па-ранейшаму належыць чалавеку, але ён не можа яго прадаць, падараваць, аформіць адчужэнне і гэтак далей. Імаверна, там ёсць нейкі грамадзянскі пазоў ці штраф, бо судовы выканаўца накладвае такое абмежаванне, – у чым прычына, трэба высвятляць у гэтага выканаўцы.

На пытанне, ці можа такая забарона ў выніку прывесці да арышту кватэры актывіста, у выніку чаго ён страціць жыллё, адвакат адказала так:

– Такое можа быць, а можа і не здарыцца. Для арышту ў чалавека мусіць быць іншае жыллё. Калі гэта адзінае, то не мусяць. Але, як паказала практыка, у нашай краіне можа быць усё.

Дзяніс Дашкевіч кажа, што для яго сям'і гэта адзінае жыллё. Рагачовец пацвердзіў, што ў яго сапраўды ёсць непагашаныя штрафы пасля некалькіх «адміністратывак», па якіх яго судзілі. Вядома, што ў траўні 2023-га Дзяніса аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства, які падаўся суду падобным да БЧБ.

Дашкевіч – 39-гадовы актывіст з Рагачова, больш за дзесяць гадоў вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн», які закрыў у 2023 годзе. З 2017-га мужчына працаваў дырэктарам Палаца культуры ў раёне, у 2020-м быў звольнены за ўдзел у страйку. Каля двух гадоў ён жыве ў Польшчы. У жніўні мінулага года на Дашкевіча завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

нг