Беларуская Служба

Беларусы на другім месцы пасля ўкраінцаў па колькасці атрыманых у ЕС дазволаў на ДНЖ

13.09.2024 12:45
Ад агульнай колькасці першасных ДНЖ, атрыманых летась беларусамі, 90,9% з іх выдала Польшча.
Беларускі пашпартфота: radyjo.net

У 2023 годзе беларусы атрымалі 281 279 першых дазволаў на жыхарства ў краінах ЕС - гэта 7,5% ад агульнай колькасці выдадзеных летась дазволаў, сведчаць новыя звесткі Еўрастату, на якія спасылаецца «Свабода».

Агулам у 2023 годзе краіны Еўрасаюза выдалі больш за 3,7 мільёна першых дазволаў на жыхарства (на 4,7% больш, чым у 2022 годзе), паведамляе Еўрастат. Беларусы ў колькасці атрыманых дазволаў — на другім месцы пасля ўкраінцаў (яны летась атрымалі 307,3 тысячы першых ДНЖ у краінах Еўрасаюза). На трэцім месцы - грамадзяне Індыі (амаль 208 тысяч ДНЖ).



З усіх першых ДНЖ, атрыманых беларусамі летась, 52,3% выдалі на падставе працы, 2,6% — для атрымання адукацыі, 2,6% - для ўз'яднання сям’і, 42,5% - з іншых прычынаў (у тым ліку на падставе міжнароднай абароны).

Ад агульнай колькасці першасных ДНЖ, атрыманых летась беларусамі, 90,9% з іх выдала Польшча, 5,8% - Літва, 0,7% - Нямеччына, 2,7% - іншыя краіны ЕС.

У Польшчы беларусы атрымалі 130,67 тысячы ДНЖ на падставе працы і 117,45 тыс. - з іншых прычынаў. У Літве 13,47 тыс. дазволаў выдалі на падставе працы, 758 - з іншых прычынах.

У 2022 годзе беларусы атрымалі крыху больш за 300 тысяч першых ДНЖ у краінах Еўрасаюза, у 2021 годзе - больш за 149 тысячы, у 2020-м - 63,5 тысячы.

аз