16 верасня 1999 года зніклі без звестак беларускі палітык, былы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Імаверна, яны былі забітыя ў той жа дзень. Ганчару быў 41 год, Красоўскаму – 47, паведамляе «Наша Ніва».
Ганчар і Красоўскі вечарам таго дня паехалі ў лазню ў Мінску і не вярнуліся дахаты. Пазней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сляды крыві.
У 2019 годзе Юрый Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону смерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі. Спачатку ён распавёў пра выкраданне і забойства 7 мая 1999 года экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, потым - Ганчара і Красоўскага.
«Ганчар і Красоўскі апошнімі выйшлі з лазні, селі ў машыну. Вуліца цёмная, там ліхтароў няма, людзей не было - мы кантралявалі. І калі пайшоў рух іх машыны, мы перакрылі дарогу. Я зрабіў літаральна два крокі, разбіў шыбу і ланцугом пацэліў у губу і пераносіцу Ганчару. Панкоў адчыняе дзверы, я гэтым ланцугом бяру Ганчара на задушку, дастаю яго з машыны, кладу на зямлю», - расказаў Гараўскі.
Гараўскі распавёў, што і Ганчара, і Красоўскага забіў асабіста Дзмітрый Паўлічэнка, зрабіўшы па два стрэлы ў сэрца, а іхнія рэчы спалілі і пахавалі раздзетыя целы ў загадзя падрыхтаванай яме. Яма была глыбокая - 4-5 метраў.
вс