Беларуская Служба

«Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пусцілі ў Грузію

16.09.2024 12:24
Кажа: «У вас віза польская?». Адказваю: «Так, у мяне віза польская». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як іх не ўпусцілі назад у Грузію пасля кароткай паездкі ў Еўропу.
   .
Андрэй Мялешка ў Батумі.facebook.com/amialeshka

«Вы пражывалі тры гады на тэрыторыі Грузіі, чаму вы раней гэтага не зрабілі?»

Як расказаў Свабодзе журналіст Андрэй Мялешка, ён з непаўналетняй дачкой прыляцелі ў Кутаісі з Варшавы каля 1:30 ночы 16 верасня. Разам з іншымі стаялі ў чарзе на праверку дакументаў. Аддалі пашпарты.

«Дачцэ праштампавалі. Аддалі ёй пашпарт. Бяруць мой. Палістаў-палістаў, оп, завіс. Прыходзіць нейкая жанчына, забірае пашпарт і нясе некуды. Думаю: «Такое бывае, на хвілін 20-30 забяруць, прынясуць». Кажа: «У вас віза польская?» Адказваю: «Так, у мяне віза польская»», — пераказвае падзеі ў аэрапорце Мялешка.

Прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў супрацоўнік аэрапорту і сказаў, што трэба прайсці ў асобны кабінет.

«Заводзяць у асобны кабінет — і ў гэты момант у дачкі забіраюць пашпарт. Яна ўвесь час трымала пашпарт у руках. Праз некалькі хвілін аддае пашпарт і з'яўляецца раздрукаваная паперка з пячаткамі. Кажуць: «Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Я кажу: «Што адбываецца? Патлумачце, калі ласка». Мне кажуць: «Вось вам папера. У паперы напісана»», — працягвае суразмоўца.

Дакумент быў напісаны па-грузінску і па-ангельску. Са словаў Мялешкі, яму так і не патлумачылі, чаму яго не пускаюць у краіну. Потым ён прачытаў, што прычынай забароны на ўезд пазначылі «іншыя прычыны». Што хаваецца за такой фармулёўкай, невядома.

Мялешка прасіў вярнуць пашпарты, але супрацоўнік аэрапорту сказаў, што не можа гэтага зрабіць.

Беларус вусна сказаў, што хоча прасіць пра міжнародную абарону. На што ў яго запыталіся: «Вы пражывалі тры гады на тэрыторыі Грузіі, чаму вы раней гэтага не зрабілі?» Мялешку адказалі, што ў яго няма магчымасці цяпер прасіць пра міжнародную абарону.

«Вы мусіце чакаць дэпартацыі на тэрыторыю Польшчы». Мялешка кажа, што супрацоўнік назваў працэдуру менавіта «дэпартацыяй», а не «забаронай на ўезд».

З  ім размаўлялі тры прадстаўнікі памежнай службы: чалавек, які забіраў пашпарты на пашпартным кантролі, хтосьці з начальнікаў і жанчына ў форме з надпісам «паліцыя».

«Памяшканне люкс, бо ёсць матрацы»

Андрэя разам з дачкой-падлеткам змясцілі ў асобны пакой. З сабой яны маюць невялікі багаж. Пашпартоў у іх няма. У пакоі ёсць двухпавярховыя ложкі з матрацамі. Пасцельнай бялізны ім не выдалі, ежы не прапанавалі.

«Памяшканне люкс, бо ёсць матрацы», — сумна жартуе Андрэй.


Пакой у аэрапорце Кутаісі, дзе знаходзяцца Мялешкі ў чаканні дэпартацыі. Пакой у аэрапорце Кутаісі, дзе знаходзяцца Мялешкі ў чаканні дэпартацыі/facebook.com/amialeshka


Пакой, дзе знаходзяцца Мялешкі, на ключ не замыкалі. Яны могуць выйсці ў суседняе памяшканне.

«Але яны чамусьці паставілі паліцэйскую машыну на выхадзе з памяшкання», — адзначае Андрэй.

Суразмоўца прызнаецца, што ён не чакаў, што такая сітуацыя можа здарыцца. Ён вылятаў у Еўропу мінулы раз год таму на канферэнцыю ў Вільню. Раней, калі ён вяртаўся ў Грузію, затрымка пры правяранні дакументаў была 15-20 хвілін. Цяпер пры вылеце Мялешкі з Грузіі была затрымка, якую абазначылі як «завісла сістэма». Сёлета ён з дачкой ляталі ў Польшчу і Літву на кароткі адпачынак.

Жонка Андрэя з другім дзіцем заставалася ў гэты час у Батумі. Ранкам 16 верасня яна выехала ў Кутаісі, каб убачыцца з дачкой. Паміж гарадамі 150 кіламетраў.

Як расказаў Андрэй, дачка перажывае сітуацыю досыць цяжка. У яе атрымалася пагаварыць з маці, тады дзіця крыху супакоілася і заснула.

Мялешка напісаў ліст амбудсмену ў правах чалавека ў Грузіі.

Андрэй Мялешка жыве ў Батумі больш за тры гады, са жніўня 2021 года. Дзеці вучацца онлайн у беларуска-ўкраінскай школе. Жонка працуе ў Батумі ў Міжнародным адукацыйным цэнтры.

«Грузія ігнаруе заявы на міжнародную абарону на мяжы»

Як расказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, у такой сітуацыі чалавек можа прасіць пра міжнародную абарону. Для гэтага дастаткова зрабіць заяву супрацоўнікам аэрапорту, нават калі забралі пашпарты, як у выпадку з Мялешкамі. Заява можа быць у любым выглядзе, у тым ліку вусная.

Аднак, адзначыў праваабаронца, у Грузіі парушаюць гэтае заканадаўства і не прымаюць заявы на міжнародную абарону на мяжы. Чалавек мае прасіць пра абарону сам, трэцяя асоба не можа падаць такую заяву за яго.

«Мы назіраем выцісканне актыўных сяброў беларускай дыяспары з Грузіі», — зазначыў суразмоўца.

Сам Раман Кісляк жыве ў Грузіі. Ён падаў там заяву на міжнародную абарону 24 ліпеня 2023 году. 7 жніўня 2024 году яму адмовілі. Прычынай назвалі «пагрозу нацыянальнай бяспецы Грузіі». Цяпер ён абскарджвае гэтае рашэнне. Мяркуе, што на разгляд ягонай сітуацыі могуць пайсці месяцы або нават гады. Калі адмоўнае рашэнне прымуць канчаткова, яго могуць дэпартаваць з Грузіі.

Праваабаронца адзначыў, што вядома пра пяць выпадкаў адмовы ў міжнароднай абароне беларусам за апошні час. Гэта найперш актывісты беларускай дыяспары. Сярод вядомых асобаў — спартоўка Марына Зялёная. У траўні таксама стала вядома, што беларуску не ўпусцілі ў Грузію пасля «візарана» ў Турэччыну. Яна нейкі час жыла на памежжы ў Турэччыне, але ўжо пераехала ў Польшчу.

На сёння не вядома ні пра адзін выпадак, калі беларусу далі міжнародную абарону ў Грузіі.

вх