Беларуская Служба

USAID адкрыла офіс для Беларусі ў Вільні

20.09.2024 13:30
У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка закрыў офіс амерыканскага агенцтва ў Беларусі.
Сцяг ЗШАFoto: oohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША (USAID) 20 верасня адкрыла офіс для Беларусі ў Вільні, паведамляе «Свабода» са спасылкай на сайт амбасады ЗША ў Беларусі.

USAID пачала працаваць у Беларусі ў 1999 годзе. У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка закрыў офіс амерыканскага агенцтва ў Беларусі. Як падкрэсліла на цырымоніі ў Вільні памочніца адміністратара Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША Эрын Элізабэт Макі, агенцтва супрацоўнічала з беларускім народам у цяжкія моманты, у тым ліку дапамагала ў барацьбе з наступствамі катастрофы на ЧАЭС, пандэміі COVID-19, палітычнага крызісу 2020 года, і нягледзячы на фармальнае закрыццё офіса ў Мінску, яно працягне гэтую працу, бо «пакуль грамадзяне Беларусі адданыя дэмакратыі, мы застаемся адданымі ім».



«Амерыканскі народ падтрымлівае беларусаў у іх імкненні мець прадстаўнічы ўрад, правы на сходы і выказванне думак, свабоду выбару, эканамічныя магчымасці і доступ да разнастайнасці ідэй без страху быць самімі сабой», - заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман.

У паведамленні амбасады адзначаецца, што з 1992 года ЗША выдзелілі Беларусі больш за 1,1 млрд долараў замежнай дапамогі ва ўсіх сектарах. Цяпер яна спрыяе прасоўванню дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека і ўключае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Амбасадарка ЗША ў Літве Кара Макдональд падкрэсліла даўняе партнёрства паміж Літоўскай Рэспублікай і Злучанымі Штатамі Амерыкі і выказала падзяку літоўскаму ўраду і яго народу за пастаянную падтрымку як грамадзян Беларусі, так і Украіны ў барацьбе за суверэнітэт і свабоду. «Мы па-ранейшаму адданыя дэмакратыі ў рэгіёне і захапляемся лідарствам Літвы ў гэтай справе».

На адкрыцці офіса прысутнічала Святлана Ціханоўская.

аз