Літва разглядае магчымасць перадачы Украіне 17 пажарных машын, якія былі затрыманыя ў Клайпедзе летась на шляху з Беларусі ў Зімбабвэ. Пра гэта паведаміла генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене, піша 15min.lt са спасылкай на BNS.
У мінулым годзе ўлады Зімбабвэ замовілі ў Беларусі пажарныя аўтамабілі Red Lion. У сакавіку 2023 года падчас дастаўкі 17 з іх былі затрыманыя ў літоўскім Клайпедскім порце, пісаў партал навін ZimLive.
«Тлумачэнне палягала ў тым, што пажарныя машыны ці некаторыя іх кампаненты былі зробленыя беларускай кампаніяй, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС», - прыводзіць ZimLive словы прэс-сакратара пракуратуры Зімбабвэ.
Генеральны пракурор Зімбабвэ лятала ў Літву, каб вызваліць машыны, але дабіцца выніку не ўдалося.
«Так, праводзіцца папярэдняе расследаванне, - сказала журналістам генпракурор Літвы Ніда Грунскене. - Пракурор прыняў рашэнне, калі я не памыляюся, аб 17 аўтамабілях, якія павінны былі адправіцца ў Зімбабвэ. Яны павінны быць канфіскаваныя, і разглядаецца пытанне, магчыма, аб перадачы іх Украіне».
Па словах літоўскага генпракурора, санкцыі накладзеныя на вытворцу аўтамабіляў, а таксама на саму Зімбабвэ. Цяпер літоўскі бок чакае, ці скарыстаюцца прадстаўнікі афрыканскай краіны правам на апеляцыю.
Праўда, частка пажарных машын усё ж даехала да Зімбабвэ — у жніўні 2023-га намеснік міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрый Харытончык у Харары браў удзел у цырымоніі перадачы пажарнай тэхнікі беларускай вытворчасці для патрэб муніцыпалітэтаў Зімбабвэ.
Паводле zerkalo.io
нг