Адну са старэйшых прыватных ВНУ «БІП - Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій», аб закрыцці якога стала вядома сёлета, выставілі на аўкцыён. Яго пачатковы кошт - 870 тысяч долараў, паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на пляцоўку «ІПМ-Таргі».
Будынак былой ВНУ знаходзіцца на вуліцы Замкавай 33 на Ракаўскім прадмесці - у самым цэнтры Мінска. У аб'яве ён фігуруе як пяціпавярховае «памяшканне адукацыйнага, выхаваўчага і навуковага прызначэння» плошчай у больш за 817 квадратных метраў.
Для ўдзелу ў таргах пакупнік павінен унесці задатак на 43,5 тысячы долараў, яму трэба будзе заплаціць узнагароду арганізатару таргоў у памеры 2% ад кошту лота і 400 рублёў затрат. Такім чынам, выніковая сума нават у выпадку пакупкі па мінімальна магчымым кошце перавысіць 900 тысяч долараў. Таргі адбудуцца 8 кастрычніка.
Нагадаем, пра закрыццё прыватнай ВНУ «БІП - Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій», адной са старэйшых у Беларусі, стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. У сакратарыяце рэктара «Люстэрку» паведамілі, што такое было рашэнне заснавальнікаў. Студэнтаў было вырашана перавесці ў іншыя ВНУ.
Усяго праз некалькі дзён з'явілася інфармацыя аб закрыцці яшчэ адной камерцыйнай ВНУ - Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці (ІПД). Акрамя таго, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва заявілі, што не будуць набіраць першакурснікаў, астатнія студэнты прадоўжаць вучобу.
аз