Пераходзіць з «Тэлеграма» на больш бяспечныя пляцоўкі рэкамендуе калегам Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) пасля заявы стваральніка месенджара Паўла Дурава аб змене палітыкі прыватнасці.
Учора Дураў паведаміў, што «Тэлеграм» будзе раскрываць нумары тэлефонаў і IP-адрасы карыстальнікаў, якія парушаюць правілы, па запытах праваахоўных органаў. Такія меры павінны «адпужаць злачынцаў», зазначыў заснавальнік «Тэлеграма».
«Пасля апублікаванага ўчора рашэння ні ў каго з нас няма гарантый бяспекі перапіскі ў «Телеграме», – заявіў «Позірку» намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
«Фактычна можна сказаць, што неканфідэнцыйнасць даных у «Телеграме» залежыць ад асабістых інтарэсаў Паўла Дурава. Безумоўна, гэта нясе пагрозу. Калі ўжо заяўлена, што «Тэлеграм» гатовы супрацоўнічаць з уладамі, відавочна, што такое супрацоўніцтва можа тычыцца і Беларусі», – адзначыў Гарэцкі.
Паводле слоў прадстаўніка прафесійнага аб’яднання, БАЖ рэкамендуе калегам «ужо цяпер перавесці ўнутраную камунікацыю, рэдакцыйныя чаты, дзе ўтрымліваецца інфармацыя, раскрыццё якой уладам можа несці пагрозу, у іншыя месенджары, якія лічацца цяпер больш бяспечнымі».
Ён заклікаў таксама «ўсюды ўключаць аўтавыдаленне ў чатах – нават калі чалавек забыўся нешта пачысціць, яно пачысціцца само».
«Такім чынам, рэкамендацыя БАЖ: пераносіць працоўныя чаты на Slack або Signal. Гэта дае адчувальна большую гарантыю, што даныя заўтра не апынуцца ў беларускіх уладаў і не прывядуць да пасадкі крыніц інфармацыі, супрацоўнікаў, якія засталіся ў краіне», – сказаў Барыс Гарэцкі.
вс