Беларуская Служба

«Беларуснафта» судзіцца за непастаўку абсталявання адразу з некалькімі заходнімі кампаніямі

25.09.2024 12:10
Толькі ў адзін дзень, 26 верасня, у Эканамічным судзе Гомельскай вобласці прызначана тры працэсы па ісках ВА «Беларуснафта» да замежных прадпрыемстваў.
Ілюстрацыя Фота: belchemoil.by

Адказнікамі пазначаны фірмы Drillmec SPA, Forum energy technologies (UK) Ltd і Sercel S.A.S.

Гэта фірмы-вытворцы, удакладніў адзін з былых спецыялістаў прадпрыемства. У прыватнасці, Sersel вырабляе сейсмічнае абсталяванне, Drillmec – свідравыя ўстаноўкі. Цяпер гэтае абсталяванне замяняюць кітайскім.

Прадмет спрэчкі – «аб невыкананні або неналежным выкананні абавязацельстваў па дагаворах куплі-продажу пастаўкі тавараў»: недапастаўка, несвоечасовая пастаўка, разлікі за прадукцыю, тавары або паслугі. Верагодна, што размова ідзе пра непастаўленыя заходнімі высокатэхналагічнымі кампаніямі тавары ці паслугі беларускаму нафтаздабываючаму прадпрыемству ў выніку накладання на яго санкцый.

Нагадаем, у 2021 годзе ЕС унёс гомельскую кампанію ў санкцыйны спіс, што стварыла праблемы, у тым ліку з закупкамі з-за мяжы.

Крыніца рэгіянальнага медыя «Флагшток»,  звязаная з дзейнасцю Беларуснафты, паведаміла, што суды, відавочна, звязаныя з санкцыйнымі абмежаваннямі. Прынамсі тэхналогіі двух вытворцаў з трох выкарыстоўваюцца пры здабычы нафты ў кампаніі. Гэта Sersel для сейсмічнай разведкі і Drillmec для свідравання свідравін.  На прадпрыемстве цяпер закупляюць кітайскія або расійскія аналагі заходняга абсталявання.

Паводле інфармацыі медыя, Мазырскі НПЗ сутыкнуўся з падобнымі праблемамі праз санкцыі, накладзеныя на беларускую галіну нафтаперапрацоўкі: многія аплачаныя пастаўкі замарожаныя.

«Флагшток»/вх