Беларуская Служба

Урад Літвы дэнансаваў пагадненне з Беларуссю аб супрацы ў мытнай справе

25.09.2024 18:24
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні ўраду, такое рашэнне ўхвалілі на пасяджэнні 25 верасня. Дэнансавалі і аналагічнае пагадненне з Расіяй.
Дзяржаўная мяжафота: gpg.gov.by

«Улічваючы беспрэцэдэнтную ваенную агрэсію Расіі і яе саўдзельніцы Беларусі супраць Украіны, грубае парушэнне міжнароднага права, а таксама тое, што на практыцы трансмежная гандлёва-эканамічная супраца з гэтымі дзяржавамі цалкам прыпыненая і немагчымая, мэтазгодна дэнансаваць пагадненні», — заявіла міністр фінансаў Гінтарэ Скайсце.

Ад пачатку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны літоўская мытня практычна не супрацоўнічала з мытнымі службамі Расіі і Беларусі і ніякай інфармацыяй не абменьвалася. Двухбаковыя пагадненні аб супрацы і ўзаемадапамозе ў галіне мытнай дзейнасці, якія ўрад заключыў яшчэ да ўступлення Літвы ў Еўрапейскі саюз, таксама не маюць больш практычнага значэння, таму што мытная супраца належыць да выключнай кампетэнцыі ЕС, адзначылі ва ўрадзе Літвы.

Цяпер рашэнне аб дэнансацыі Літва накіруе ў Расію. Дакументы страцяць моц праз паўгода пасля атрымання другім бокам гэтага паведамлення. Датычна дамовы з Беларуссю пастановы ўраду Літвы пра дэнансацыю недастаткова. Гэтае рашэнне павінны ўхваліць прэзідэнт і парламент краіны.

Літва падпісала дамову з Беларуссю аб супрацы ў барацьбе з парушэннямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 года ў Вільні, а з Расіяй аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў галіне мытнай дзейнасці — у лютым 1995 года ў Маскве.

Паводле Радыё свабода/вх