У Гомельскім абласным судзе 15 кастрычніка пачнуць судзіць грамадзяніна Украіны Вячаслава Бародзія, а таксама беларусаў Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз. Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядома з прапагандысцкага фільма год таму, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу. Агулам трох чалавек абвінавачваюць адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «здрада дзяржаве» і «агентурная дзейнасць». Суд адразу будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Працэс будзе весці Яўген Шаршнёў, паведамляе «Вясна».
Мінулай восенню Камітэт дзяржбяспекі паведаміў, што затрымаў у Беларусі шэсць чалавек па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з «Службай бяспекі Украіны» і «падрыхтоўцы тэрактаў». Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня 2023 года, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ.
Украінскага егера Вячаслава Бародзія, якога будуць судзіць з двума беларусамі, затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што «з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны».
Нагадваем, па артыкуле за «здраду дзяржаве» прадугледжваецца да 15 гадоў зняволення, а за «агентурную дзейнасць» - да сямі гадоў калоніі.
22 кастрычніка пачнуць судзіць яшчэ трох чалавек - украінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, паказаных у тым сюжэце 11 верасня 2023 года.
аз