Беларуская Служба

Масква абяцае дапамогу Лукашэнку на выбарах 2025 года

22.10.2024 10:01
Расія акажа Мінску дапамогу ў выпадку спроб дэстабілізацыі сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе
Ілюстрацыйны здымакPA/EVGENIA NOVOZHENINA / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Пры ўмове, што Беларусь пра гэта папросіць, заявіў у інтэрв'ю РИА Новости пасол РФ у Мінску Барыс Грызлоў. Таксама ён падтрымаў масавыя рэпрэсіі ў краіне пасля 2020 года. 
 
«Няма ніякіх падстаў меркаваць, што беларускім праваахоўнікам і спецслужбам спатрэбіцца дадатковая дапамога, як прынята гаварыць, «на зямлі». Яны выдатна спраўляюцца са сваімі задачамі. Але калі спатрэбіцца — Расія ў рамках сваіх абавязацельстваў, безумоўна, акажа дапамогу і падтрымку, пра якую нас папросіць наш бліжэйшы саюзнік і стратэгічны партнёр», — сказаў Грызлоў.

Ён зазначыў, што «профільныя ведамствы Расіі і Беларусі вядуць пастаянны абмен інфармацыяй па аператыўных каналах». «Мы ў рэжыме рэальнага часу дзелімся звесткамі аб любых патэнцыйных пагрозах», — падкрэсліў ён.

Грызлоў заявіў, што «пасля спробы так званай апазіцыі захапіць уладу ў 2020 годзе праваахоўныя органы і спецслужбы Рэспублікі Беларусь правялі каласальную работу, якая накіравана на спыненне такога роду злачынных дзеянняў у будучым».

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы са звестак з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

Рэжым пераследуе ўсіх, хто публічна выступаў супраць Лукашэнкі ды супраць расійскага кантролю над Беларуссю. З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць таксама за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

Згодна з інфармацыяй прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек.

Крыніца: «Наша Ніва»/юл