«Нашай Ніве» стала вядома, што на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам беларускія спецслужбы часам выклікаюць на асабістую гутарку новую катэгорыю людзей — бацькоў, чые дзеці жывуць за мяжой.
Сітуацыя адбылася нядаўна на беларуска-польскай мяжы пасля таго, як турыстычны аўтобус вяртаўся з экскурсійнай паездкі. Суразмоўца «Нашай Нівы» расказаў, што сярод вандроўнікаў не было людзей, хто раней прыцягваўся па пратэсных артыкулах, — гэта высвятлялі яшчэ перад пад'ездам да мяжы.
Але нягледзячы на гэта, беларускія спецслужбы выклікалі «на размову» некалькі чалавек з аўтобуса. Як высветлілася, аб’ядноўвала іх усіх адно — дзеці, якія жывуць за мяжой (суразмоўца адзначае, што людзей, якіх можна аднесці да такой катэгорыі, у аўтобусе было больш, але выклікалі далёка не ўсіх з іх).
Адзін з пасажыраў расказаў, што ў яго пыталіся, чаму яго дзіця не жыве на радзіме, чаму не хоча тут працаваць. Настойліва прапанавалі патэлефанаваць і папрасіць вярнуцца жыць у Беларусь.
«Для мяне гэта выглядала даволі смешна, бо хіба сапраўды нехта верыць, што пасля такога званка дзеці кінуць уладкаванае жыццё на новым месцы (жыллё, працу, сваіх дзяцей вырвуць са школы) і панясуцца ў Беларусь, бо бацькі загадалі? Мы ж гаворым пра дарослых людзей са сваім жыццём і меркаваннем», — дзяліўся суразмоўца.
У выніку ўсіх выкліканых на размову адпусцілі.
яс