Беларуская Служба

Трэнерку беларускіх фігурыстаў выдварылі з Расіі пры спробе трапіць на этап «Гран-пры Расіі»

24.10.2024 12:01
Таццяна Бяляева нарадзілася ў Адэсе і з'яўляецца грамадзянкай Украіны.
a a
Таццянa Бяляевa Здымак з сацсетак

Трэнерку танцавальнага дуэта з Беларусі (Вікторыя Пласконная/Уладзіслаў Сыцік) Таццяну Бяляеву не пусцілі ў Расію на этап «Гран-пры Расіі» ў Магнітагорску, паведамляе «Спорт-экспрэс».

Яе пратрымалі некалькі гадзін у аэрапорце Шарамеццева, а затым уручылі паперу аб выдварэнні з тэрыторыі РФ. Пра гэта выданню распавяла сама настаўніца. Бяляева нарадзілася ў Адэсе і з'яўляецца грамадзянкай Украіны.

«Мы са спартсменамі паляцелі ў Магнітагорск на этап «Гран-пры Расіі» сярод юніёраў. Я ведала, што грамадзяне Украіны доўга праходзяць расійскую мяжу, летась я правяла 12 гадзін у Шарамеццева(…) Рабяты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца. А мяне сёлета ўвогуле не прапусцілі! Ну і навошта ў дадзенай сітуацыі казаць, што спорт па-за палітыкай, калі ляціць трэнер з дэлегацыяй, са спартсменамі, з камандзіровачным пасведчаннем і білетамі назад, з запрашэннем ад расійскага боку і маецца від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь?», - паскардзілася трэнерка.

Жанчыне таксама параілі, каб да заканчэння СВА яна нават не спрабавала заязджаць у Расію.

«У гэтай сітуацыі мае сэнс звярнуцца да функцыянераў спорту, мяркую, трэба гэта зрабіць. Каб на вышэйшым узроўні былі вырашаны такія пытанні і спартыўныя дэлегацыі маглі бесперашкодна дабірацца да месцаў правядзення спаборніцтваў, збораў, семінараў, а спартсмены паказвалі лепшы вынік без дадатковых стрэсаў. Не там шукаюць ворагаў, мне здаецца», - канстатавала Бяляева.

аз