Беларуская Служба

Абвешчаны адбор беларусаў для стажыровак у Савеце Еўропы

24.10.2024 17:03
Рашэнне аб стварэнні кантактнай групы СЕ па Беларусі было прынятае ў верасні 2022 года.  
,
Страсбург, Савет ЕўропыАўтар: Витольд Муратов - Сфатаграфавана загрузіўшым, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10724344

Кантактная група Савета Еўропы (СЕ) па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю абвясціла аб адборы кандыдатаў з ліку беларускіх грамадзян для прафесійных стажыровак у СЕ, паведамляе «Позірк».

Каб удзельнічаць у адборы, неабходна запоўніць спецыяльную гугл-форму.

Усяго стажыровак чатыры, працягласць кожнай — шэсць месяцаў.

Мяркуецца, што беларусы будуць стажыравацца ў розных структурах СЕ ў Страсбургу (Францыя): у генеральным дырэктараце па правах чалавека і вяршэнстве закона (DGI); генеральным дырэктараце дэмакратыі і чалавечай годнасці (DGII); сакратарыяце Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ); сакратарыяце Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў.

Сярод патрабаванняў да кандыдатаў - вышэйшая адукацыя, пераважна ў галіне права, паліталогіі, сацыяльных навук, журналістыкі, адукацыі, моладзевай працы, міжнародных адносін або іншых сумежных галінах, а таксама добрае валоданне адной з афіцыйных моў Савета Еўропы (англійскай або французскай).

Рашэнне аб стварэнні кантактнай групы СЕ па Беларусі было прынятае ў верасні 2022 года. Першае пасяджэнне адбылося ў лістападзе таго ж года. З беларускага боку ў групу ўвайшлі прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Ад Савета Еўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАСЕ і Офісу камісара па правах чалавека.

У кастрычніку мінулага года Савет Еўропы прадаставіў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Праект новага двухгадовага плана работы групы быў падрыхтаваны ў снежні мінулага года.

аз