У Расіі будуць «вельмі ўважліва сачыць» за ходам выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, на што звярнуў увагу Позірк.
«Я ўпэўнены, што ўсе будуць падтрымліваць у Расіі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі]. Тут наўрад ці могуць быць нейкія сумневы», — цытуе Пяскова ТАСС.
Пры гэтым, паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца «абсалютнай справай Беларусі».
«Галоўнае — гэта не падтрымка Расіі, галоўнае — гэта той выбар, які зробіць народ нашай брацкай Беларусі», — адзначыў прэс-сакратар Пуціна.
Гаворачы аб намеры Лукашэнкі балатавацца, прадстаўнік Крамля падкрэсліў, «як высока прэзідэнт Пуцін і ўвогуле многія ў Расіі цэняць яго ролю ў развіцці Беларусі як суверэннай дзяржавы, як дзяржавы, якая ўдзельнічае ў Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі».
Наконт магчымага паўтарэння ў Беларусі падзей 2020 года ён заявіў: «Мы ведаем, што нашы беларускія сябры вынеслі неабходныя ўрокі, атрымалі вопыт багаты па выніках тых самых падзей, што з’яўляецца залогам непаўтарэння ў далейшым такіх сітуацый».
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, намер удзельнічаць у іх выказаў яго прыхільнік, кіраўнік праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.
яс