КДБ прызнаў «тэрарыстамі» 20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай».
Сярод іх:
- старшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі,
- прэсавая сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна,
- спэцпрадстаўнік Ціханоўскай у пытаннях выбараў Аляксандар Шлык,
- дарадца Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Дзяніс Кучынскі,
- доктар палітычных навук, палітолаг, філосаф Пётра Рудкоўскі,
- доктар палітычных навук, палітык і палітолаг Павел Усаў,
- доктар палітычных навук, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня,
- сацыёляг Філіп Біканаў,
- аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст,
- доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч,
- дактарантка Інстытуту філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук Вераніка Лапуцька,
- праграмны дырэктар «Вольнага беларускага універсітэту» Аляксандар Лагвінец,
- журналістка, палітолаг Ганна Любакова,
- палітолаг Марыя Рогава,
- даследчыца Virginia Tech University Кацярына Шмаціна,
- дырэктарка Цэнтру новых ідэй, дактарантка паліталогіі універсітэту Карлстад Леся Руднік,
- дырэктарка даследчага цэнтру BIPART Натальля Рабава,
- навуковая супрацоўніца Гарадскога ўніверсітэту Манчэстэра і Віленскага ўніверсітэту палітолаг Тацяна Чуліцкая,
- доктар палітычных навук, даследчык Страсбурскага ўніверсітэту Яўген Крыжаноўскі,
- доктар сацыялогіі, даследчык Інстытуту сацыяльных рухаў Рурскага ўніверсітэту Бохума Васіль Навумаў.
1 ліпеня Мінскі абласны суд прысудзіў фігурантам справы працяглыя тэрміны пазбаўлення волі — ад 10 да 11,5 году зняволення. Працэс праходзіў завочна, бо 20 абвінавачаных знаходзяцца за мяжой.
Таксама КДБ прызнаў «тэрарыстамі» палітвязняў. У пералік унесеныя Андрэй Слізевіч, а таксама палітвязні Аляксандар Залатарэвіч, Віталь Саўко (уключаныя ў сьпіс «экстрэмістаў») і Людміла Дэйнэка. На які тэрмін пазбаўлення волі асудзілі ўсіх траіх палітвязняў, невядома.
У ліпені 2024 года Залатарэвіч асуджаны Мінскім гарадзкім судом па ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта).
Як мяркуецца, былы пракурор Воранаўскага раёна (Горадзенская вобласьць) Саўко асуджаны Брэсцкім абласным судом паводле ч. 3 арт. 130 КК у ліпені 2024 года.
Дэйнэка асуджаная ў ліпені Мінскім гарадзкім судом паводле ч. 1 арт. 368, ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130.
У сьпіс «тэрарыстаў» уключылі 25-гадовую актывістку з Рэчыцы (Гомельская вобласьць) Бажэну Жолудзь, завочна асуджаную на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), ч. 3 арт. 361, арт. 391 (абраза суддзі ці народнага засядацеля).
Цяпер у спісе «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» 1193 пазыцыі. Зняволеным, якіх абвясцілі «тэрарыстамі», забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.
pozirk.online/вх