Пасля спешнага абвяшчэння лукашэнкаўскімі ўладамі выбараў прэзідэнта 26 студзеня 2025 года, дзяржаўныя СМІ ўсіх узроўняў пачалі расказваць пра тое, што грамадзяне прынялі гэту падзею з вялікім натхненнем. Пры гэтым не абыходзіцца без спекуляцый.
Раённыя і абласныя газеты часта расказваюць пра "бедных жыхароў краін Балтыі, якім няма чаго есці", пра "зверствы польскіх памежнікаў", пра Украіну, якая "сама вінаватая ў вайне з Расіяй". Разважаюць прапагандысты і пра паводкі ў Польшчы сёлета ў верасні. Усё гэта супастаўляецца з так званым беларускім "мірам, стабільнасцю і дабрабытам".
Беларускае грамадства, у цэлым, млява рэагуе на наратывы афіцыйнай прапаганды. У грамадзян заўважаецца расчараванне і апатыя, якія сталі рэакцыяй на завяршэнне пратэстаў і ўмацаванне ўлады ў руках Лукашэнкі. Разгром апазіцыі і адсутнасць рэальнай палітычнай канкурэнцыі выклікае ў людзей адчуванне бессэнсоўнасці любых спроб змяніць сітуацыю.
Увесь гэты час у Беларусі працягваюцца арышты і затрыманні за ўдзел у пратэстах. Адміністрацыйныя справы ператвараюцца ў крымінальныя, а суткі арышту - у гады ў калоніі. Узровень рэпрэсій не зніжаецца. Кожны тыдзень прыходзяць дадзеныя пра новых палітвязняў. І адсутнічае інфармацыя пра лідараў апазіцыі, якія знаходзяцца за кратамі.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск