Беларуская Служба

Кангрэс Злучаных Штатаў апублікаваў законапраект, у якім гаворыцца аб падтрымцы беларусаў у выгнанні

29.10.2024 16:29
Законапраект, які ўнеслі ў Сенат ЗША, утрымлівае тры ідэі для легалізацыі беларусаў і апісанне сітуацыі ў краіне, праз якую беларусам трэба дапамагчы.
Беларускі пашпартфота: radyjo.net

Кангрэс Злучаных Штатаў апублікаваў законапраект, які прадугледжвае падтрыманне грамадзянаў Беларусі і Расіі, якім давялося з'ехаць з дому праз рэпрэсіі і вайну. Яго пакуль толькі вынеслі на разгляд у Сенат ЗША. Калі праект прымуць ці адхіляць, невядома, паведамляе «Белсат».

Праект завецца «Акт аб інвестыцыях у дэмакратычнае кіраванне адносна Беларусі і Расіі падчас выгнання» - «Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act» скарочана з ангельскай мовы BRIDGE, то бок «мост».

Акт датычыць беларусаў і расіян.

Прычым у секцыі азначэнняў падкрэсліваецца, што «беларуская асоба ў выгнанні» – гэта беларус, які не можа вярнуцца ў Беларусь праз пагрозу пераследу як вынік ягонай прадэмакратычнай актыўнасці. «Расійская асоба ў выгнанні» – гэта той, хто не можа вярнуцца ў Расію праз прадэмакратычную актыўнасць пасля 24 лютага 2022 года.

У акце ёсць таксама спецыяльны раздзел пра тое, што ЗША маюць перадухіляць незаконныя зняволенні, у тым ліку адстойваць вызваленне палітычных вязняў у Расіі і Беларусі, украінскіх закладнікаў у расійскіх і беларускіх турмах, «крэатыўна працаваць з саюзнікамі і партнёрамі», каб паскорыць іхнае вызваленне.

У дачыненні беларусаў Кангрэсу прапануюць прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты дзейнымі для ўезду і выезду з ЗША; зняць нявызначанасць з наданнем беларусам часовай абароны ў ЗША; апрацоўваць заяўкі беларусаў на візы ў ЗША праз спецыяльныя працэдуры для «бяздомных нацыяў».

Пашпарты грамадзянаў Беларусі прапануюць прызнаваць сапраўднымі для паездак у ЗША і з ЗША, нават калі іх тэрмін дзеяння скончыўся.

Таксама прапануюць залучыць беларусаў у спіс «бяздомных нацыяў». Гэта не даслоўна асобы без вызначанага месца жыхарства, а грамадзяне краінаў, спецыяльна вызначаных Кангрэсам і адпаведным падыходам да іх.

яс