Беларуская Служба

Данія будзе выдаваць беларускім уцекачам «пашпарты іншаземцаў»

30.10.2024 16:02
«Гэта значнае дасягненне, якое вырашыць праблемы соцень нашых людзей, якія знайшлі бяспечную гавань у Даніі», - сказала Ціханоўская.  
Беларускі пашпартфота: radyjo.net

Данія пагадзілася прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты Рэспублікі Беларусь, якія многія з беларусаў не могуць абмяняць на радзіме праз небяспеку палітычнага пераследу там, паведамляе «Свабода».

Кіраўнік МЗС Даніі Лярс Лёкэ Расмусэн у інтэрв'ю выданню Berlingske паведаміў, што Данія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў і ўнясе змены ва Указ аб іншаземцах, дзякуючы якім з'явіцца дадатковая прычына для выдачы беларусам «пашпартоў іншаземцаў» (праязных дакументаў).

«Гэта азначае, што мы забяспечым спакой беларусам, якія знаходзяцца ў Даніі, і я вельмі-вельмі рады гэтаму», - сказаў Расмусэн.

Дацкі міністр зрабіў заяву пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Рэйк’явіку, дзе праходзіць сесія Паўночнай рады.

«Гэта значнае дасягненне, якое вырашыць праблемы соцень нашых людзей, якія знайшлі бяспечную гавань у Даніі», - сказала Ціханоўская.

За новым указам пра іншаземцаў стаіць Міністэрства інтэграцыі, змены ўнясуць у лістападзе.

У Даніі пастаянна або часова пражываюць каля 640 беларусаў. У некаторых ужо скончыўся часовы дазвол на жыхарства і пачаліся праблемы з легалізацыяй у краіне.

аз

Краіны Паўночнай рады прызначаць каардынатараў для кантактаў з беларускімі дэмсіламі

30.10.2024 14:02
«Захаванне прыярытэту Беларусі ў міжнародным парадку дня - адна з галоўных задач краін Паўночнай рады».