Беларуская Служба

Закрытая справаздача Мінздароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу ў Беларусі

30.10.2024 18:02
Такой нізкай нараджальнасці ў Беларусі не было ніколі. Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:TerriC/pixabay.com/CC0 Public Domain

Актуальныя лічбы нараджальнасці (як і смяротнасці) па ўсёй краіне цэнтралізавана не публікуюцца з 2020 года. Але «Наша Ніва» раней здолела па асобных рэгіянальных лічбах скласці агульную карціну. Паводле ейных падлікаў, каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2023 годзе склаў каля 6,7-6,8. Гэта менш, чым у Савецкім Саюзе нараджалі ў вайну (агульнасавецкі мінімум быў зафіксаваны ў 1943-м - 8,6 народжаных).

Пацвярджэнне гэтаму цяпер апублікавала суполка «Белыя халаты», якая вывучыла закрытую справаздачу Міністэрства аховы здароўя (яе апублікаваў «Белпол»).

«У 2023 годзе ў родадапаможных установах рэспублікі і дома зарэгістравана 64 089 родаў (2022 г. — 69 691 роды), што на 8,0% менш, чым у 2022 годзе», — паведамляецца ў той жа справаздачы.

Гэта значыць, што ў 2022 годзе нарадзілася 69 691 дзіця, а ў 2023 годзе - 64 089. Гэтыя лічбы могуць нязначна адрознівацца ад рэальных (на некалькі дзясяткаў), паколькі ўключаюць мёртванароджаных, а таксама нараджэнне двух і больш дзяцей, тлумачаць «Белыя халаты».

З гэтых лічбаў вынікае, што нараджальнасць у 2023 годзе склала 6,96 на 1 000 насельніцтва. Адзначаецца, што гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў па Беларусі з 1955 года, раней ён не апускаўся ніжэй за 8,9.

Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х.

Апроч сусветных тэндэнцый падзення нараджальнасці, у Беларусі ёсць і лакальныя прычыны. Гэта і працяглы эканамічны крызіс і вымушаны выезд вялікай колькасці маладога насельніцтва, выкліканы масавымі рэпрэсіямі.

аз