Падчас мерапрыемства, якое сабрала прадстаўнікоў такіх краін, як Кітай, Іран і Сірыя, Петэр Сіярта сядзеў побач з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
Выступаючы ў якасці аднаго з ключавых спікераў, Сіярта яшчэ раз заявіў, што Венгрыя выступае супраць санкцый у дачыненні да Расіі.
Ён заклікаў «будаваць масты» і папярэдзіў, што «без дыялогу Еўропа стане значна больш небяспечнай».
Каментуючы чарговую паездку ў Мінск Сіярта, які таксама рэгулярна наведвае Маскву, сайт Politico адзначыў, што флірт Будапешта з Масквой выклікае ўсё большую заклапочанасць у саюзнікаў.
СМІ адзначаюць, што Сіярта пачаў свой выступ на рускай мове.
Перад сустрэчай у Мінску Сіярта напісаў у Фэйсбуку: «Не толькі мы ў Еўропе лічым, што еўразійскае супрацоўніцтва павінна быць адноўлена, але толькі мы дастаткова смелыя, каб гаварыць пра гэта адкрыта».
У канферэнцыі, якую арганізатары мяркуюць зрабіць альтэрнатывай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, таксама браў удзел самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які традыцыйна крытыкаваў Захад і «аднапалярны свет».
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан на пачатку тыдня накіраваўся ў Грузію, дзе заявіў, што нядаўнія парламенцкія выбары ў гэтай краіне былі «свабоднымі і дэмакратычнымі», а грузіны, якія падтрымліваюць прарасійскую кіруючую партыю «Грузінская мара», «выбралі мір».
Грузінская апазіцыя і празаходні прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі не прызнаюць афіцыйныя вынікі, міжнародныя назіральнікі выявілі злоўжыванні падчас галасавання, а краіны Захаду патрабуюць празрыстай праверкі сумленнасці выбараў.
PAP/вх