Беларуская Служба

Рэжысёр, актывіст Андрэй Гнёт урэшце на волі

01.11.2024 08:01
Андрэй Гнёт ужо пакінуў тэрыторыю Сербіі, дзе правёў ва ўмовах абмежавання волі адзін год.
    .
Рэжысёр Андрэй Гнёт на волі.facebook.com/andrew.gnyot

Андрэй Гнёт у сваіх сацсетках заявіў, што ўдзячны юрыстам і адвакатам, Святлане Ціханоўскай і яе камандзе, Паўлу Латушку і праваабарончым арганізацыям, «тысячам людзей», якія змагаліся за яго жыццё.

Сёлета ў чэрвені Андрэя Гнёта перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. У верасні апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь і вярнуў справу на новы разгляд у Высокі суд горада.

За вызваленне Андрэя Гнёта выступалі многія палітыкі. Напрыклад, прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен пісала ліст Святлане Ціханоўскай, у якім  пацвердзіла дасведчанасць у справе беларускага рэжысёра, актывіста і журналіста Андрэя Гнёта. Яна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюзу неаднаразова даводзілі да сербскіх уладаў, што ордар на арышт  Гнёта быў палітычна матываваным, а ў выпадку экстрадыцыі на радзіму беларус сутыкнецца з рэпрэсіямі.

Не дапусціць экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь заклікалі каля 500 дзеячаў з сусветнай мастацкай супольнасці

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб'яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадзіраваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Спачатку Гнёта было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Белградзе адмяніў гэтую пастанову. Урэшце справа вырашылася на карысць мужчыны.

вх