Новая міграцыйная палітыка Польшчы і магчымасці для беларускіх грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій на радзіме — асноўныя тэмы падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, кіраўніцы ініцыятывы «Partyzanka», адваката Ганны Маціеўскай з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы (UDSC) Томашам Цытрыновічам.
Томаш Цытрыновіч (Tomasz Cytrynowicz) паведаміў, што 137 тысяч беларусаў ужо валодаюць правам пражывання на тэрыторыі Польшчы. Усяго з улікам спраў, якія разглядаюцца, можна казаць пра 200 тысяч беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.
Кіраўнік Упраўлення адзначыў, што абсалютную большасць беларусаў, якія легалізаваліся або плануюць легалізавацца ў Польшчы, новая міграцыйная стратэгія не закране. Яна разлічаная, у першую чаргу, на стварэнне надзейнай заслоны нелегальнай міграцыі. Па словах кіраўніка Упраўлення па справах іншаземцаў, варта прытрымлівацца дзеючых нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць рэальным абставінам знаходжання на тэрыторыі Польшчы.
«Тыя, хто маюць легальную працу, сям'ю ў Польшчы альбо адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя змены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы. Змены накіраваныя перадусім на супрацьдзеянне нелегальнай і некантраляванай міграцыі»? — падкрэсліў Томаш Цытрыновіч.
Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ініцыяваны працэс аб падаўжэнні выдачы падарожных дакументаў (travel document) для грамадзян Беларусі з 1 студзеня 2025 года, а таксама разглядаецца магчымасць іх выдачы на двухгадовы тэрмін. Прадугледжваецца, што пры падрыхтоўцы дадзеных дакументаў будзе выкарыстоўвацца біяметрыя. Томаш Цытрыновіч адзначыў, што таксама плануецца падоўжыць тэрмін дзеяння Часовага пасведчання асобы замежніка, якое зараз выдаецца тэрмінам да 6 месяцаў, з улікам больш працяглага разгляду спраў па легалізацыі.
Па словах кіраўніка Упраўлення, сёлета беларусам ужо выдадзена каля 1 500 падарожных дакументаў, летась — 450. Рост колькасці выдадзеных дакументаў звязаны ў тым ліку са сканчэннем тэрмінаў дзеяння пашпартоў, якія цяпер немагчыма замяніць праз консульскія ўстановы Беларусі.
Павел Латушка выказаў надзею, што Польшча будзе падтрымліваць мігрантаў з Беларусі, якія пакідаюць краіну з-за рэпрэсій, бо для многіх грамадзян Беларусі гэты крок з'яўляецца адзінай магчымасцю пазбегнуць пераследу і палітыкі гвалту, якую ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі.
У працяг сустрэчы запланаваныя перамовы намесніка кіраўніцы Аб'яднананага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Паводле belarus-nau.org/вх