Беларуская Служба

З 2020 года ў Беларусі былі ліквідаваныя не менш як 1 838 НКА - Lawtrend

05.11.2024 08:30
Больш за сотню прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
 2020         1 838  - Lawtrend
З 2020 года ў Беларусі былі ліквідаваныя не менш як 1 838 НКА - Lawtrendwww.lawtrend.org/скрыншот

Рэпрэсіі ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і актывістаў у Беларусі не спыняюцца. Больш за сотню прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Пастаянна фіксуюцца факты затрыманняў, выклікаў на допыты і гутаркі, праверак на мяжы, узбуджэння новых адміністрацыйных і крымінальных спраў. Суды выносяць прысуды з вялізнымі тэрмінамі пазбаўлення волі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, кіраўніцтва і ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях, фінансаванне экстрэмізму шляхам пералічэння ахвяраванняў у фонды салідарнасці і іншыя структуры, паведамляе ў сваёй справаздачы праваабарончая арганізацыя Lawtrend.

Штомесяц экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаюцца некалькі арганізацый грамадзянскай супольнасці. Яшчэ 45 беларускіх грамадзян, якія вымушана пакінулі краіну, сталі падазраванымі па крымінальных артыкулах, звязаных са спробай захопу дзяржаўнай улады, стварэннем экстрэмісцкага фарміравання. Працягваецца практыка разгляду крымінальных спраў у фармаце спецыяльнай (завочнай) вытворчасці, у тым ліку ў дачыненні да актывістаў, праваабаронцаў. Працягваецца кампанія па ліквідацыі некамерцыйных арганізацыяў.

Паводле Lawtrend, колькасць прымусова ліквідаваных некамерцыйных арганізацый складае на канец кастрычніка 2024 года не менш за 1 161 арганізацыю, гэта на 24 НКА больш, чым у папярэдні маніторынгавы перыяд.

Колькасць некамерцыйных арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, складае на канец кастрычніка не менш за 677 арганізацый.



Усяго страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з выбарчага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш як 1 838 інстытуцыяналізаваных форм некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый).

Працягвае кропкава мяняцца заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць некамерцыйных арганізацый.

У маніторынгавы перыяд найперш, як і ў папярэднія месяцы, ліквідацыі падлягаюць міжнародныя і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні. Гэта ў асноўным грамадскія аб'яднанні, якія не прывялі свае статуты ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях", не падалі абавязковыя штогадовыя справаздачы ў рэгіструючыя органы.

Разам з тым, фіксуюцца выпадкі кропкавай прымусовай ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў, якія выканалі дадзеныя патрабаванні закону. Па стане на 31 кастрычніка 2024 года згодна з маніторынгам, які вядзецца Lawtrend, зафіксавана 1 161 некамерцыйная арганізацыя, якая знаходзіцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.

Таксама па стане на 31 кастрычніка 2024 года, зафіксавана 677 некамерцыйных арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самаліквідацыі, перш за ўсё з-за ціску на членаў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя, агульнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.

У сувязі з выкананнем сваёй прафесійнай дзейнасці, удзелам у арганізацыях грамадзянскай супольнасці, праявай грамадзянскай актыўнасці турэмны тэрмін працягваюць адбываць 6 праваабаронцаў, дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, рэлігійных арганізацый, 34 прадстаўнікі прафесійных саюзаў і працоўнага руху. Працягваецца ціск на прадстаўнікоў рэлігійных арганізацыяў. Улады працягваюць актыўныя спробы падаўлення грамадзянскай актыўнасці беларусаў, якія вымушана з'ехалі з краіны. Для гэтых мэт шырока выкарыстоўваецца крымінальнае заканадаўства аб спецыяльнай (завочна) вытворчасці

На канец кастрычніка 2024 года ў «Пералік асоб у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць і выкліканых у орган крымінальнага пераследу» ўнесены 121 чалавек, 53 з якіх прад'яўлена абвінавачанне (альбо ўжо вынесены прысуд) у кіраўніцтве, стварэнні, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Следчы камітэт (СК) заявіў аб прызнанні падазраванымі яшчэ 45 беларускіх грамадзян, якія вымушана пакінулі краіну.

У адносінах да прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці працягвае актыўна выкарыстоўвацца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму: пераслед за грашовыя пераводы фондам салідарнасці, а таксама дапамога палітычным зняволеным і іх сем'ям, у тым ліку крымінальнае, прызнанне грамадскіх ініцыятыў экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а інфармацыйных рэсурсаў, сацыяльных сетак і г.д. п. экстрэмісцкімі матэрыяламі.

аз