Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Трампа і патлумачыла, што вынікі выбараў значаць для беларусаў і Беларусі:
«Я віншую Дональда Трампа з упэўненай перамогай на выбарах прэзідэнта ЗША, а Рэспубліканскую партыю – у Сенаце ЗША. Гэта было сапраўднае свята дэмакратыі, і амерыканскі народ зрабіў свой выбар».
ПРА ВЫБАРЫ
«Гэта была вельмі цікавая выбарчая гонка. Сачыла за ёй нават з некаторай зайздрасцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат гадоў. Гэта сапраўды вялікая раскоша – не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам. Менавіта такія выбары – жывыя, дынамічныя, эмацыйныя, а галоўнае празрыстыя і справядлівыя – мы б хацелі пабачыць у Беларусі».
ЦІ ЁСЦЬ КАНТАКТЫ З ДОНАЛЬДАМ ТРАМПАМ?
«Мы будзем працаваць з новай адміністрацыяй, працягваць і ўмацоўваць нашыя адносіны. Безумоўна, у нас ёсць кантакты з атачэннем Дональда Трампа і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі. Тэма Беларусі аб'ядноўвае розных палітыкаў у ЗША, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці».
ЦІ ПАМЯНЯЕЦЦА ПАЛІТЫКА ЗША?
«Мы разлічваем, што палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе рашучай, паслядоўнай, і прынцыповай. Беларусь павінна заставацца на міжнародным парадку дня. І амерыканскае лідарства грае ў гэтым надзвычай важную ролю.
Мы чакаем, што супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША працягнецца, у тым ліку ў межах Стратэгічнага дыялогу. ЗША былі, ёсць і будуць нашымі саюзнікамі ў барацьбе за дэмакратычную, незалежную і мірную Беларусь».
ТГ С. Ціханоўскай/ав