Пра смерць палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра стала вядома на мінулым тыдні. 22-гадовы хлопец адбываў тэрмін у ПК-15 у Магілёве. Па якой прычыне памёр Дзмітрый, праваабаронцы не паведамлялі. Знаёмы сям'і Шлетгаўэра распавёў «Люстэрку», што ў пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына – «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.
- Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта здарылася з ім, - сцвярджае крыніца.
Па словах суразмоўцы «Люстэрка», блізкія палітвязня размаўлялі з ім праз лісты. Жонка Зміцера наведвала яго ў СІЗА №7 Брэста да і пасля суда.
- Сям'я лічыць, што Дзіма не збіраўся забіваць сябе. Па словах родных, ён быў вельмі засмучаны з-за таго, што з ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым да добраахвотнага сыходу з жыцця. Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калонію - збіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разліку на тое, што яны спатрэбяцца ў лагеры, - кажа знаёмы Шлетгаўэраў.
Суразмоўца «Люстэрка» таксама дадаў, што яшчэ ў следчым ізалятары ў Дзмітрыя з'явіліся некрытычныя праблемы са здароўем:
- Пакуль Дзіма быў у СІЗА, у яго нарадзіўся сын, і ён вельмі перажываў, што гэта здарылася ў яго адсутнасць. Мабыць, ён моцна нерваваўся, з-за чаго моцна палысеў, у яго з'явіўся варыкоз. Але здзяйсняць суіцыд ён не планаваў. Наадварот, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні і спадзяваўся хутчэй выйсці на волю, убачыць сына і жонку.
Па словах крыніцы, Дзмітрый казаў родным, што ў следчым ізалятары да яго ставіліся добра, сукамернікі і адміністрацыя праблем не стваралі.
З брэсцкага СІЗА ў магілёўскую ВК-15 мужчыну перавялі ў першыя дні кастрычніка 2024 года. Знаёмы сем'і сцвярджае, што Змітра адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Аб прычыне такога пакарання ён не ведае.
Ужо 12 кастрычніка сям'я Шлетгаўэра атрымала ад адміністрацыі калоніі паведамленне аб трагедыі. У пасведчанні аб смерці ўказана дата - 11 кастрычніка 2024 года.
Нагадаем, 31 кастрычніка праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра смерць у калоніі палітычнага зняволенага. 1 лістапада «Люстэрку» ўдалося даведацца пра яго імя.
Дзмітрый Шлетгаўэр - грамадзянін Расіі. Інфармацыя аб «таемным» судзе над ім з'явілася ў канцы жніўня. Паведамлялася, што мужчыну прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК). Яго прыгаварылі да 12 гадоў калоніі.
Люстэрка/ав