Беларуская Служба

У працы над ордарам на арышт Лукашэнкі акцэнт робіцца не на дэпартацыі дзяцей

17.11.2024 17:02
Следчых Міжнароднага крымінальнага суда іх зацікавіў фокус на індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.
Аляксандр ЛукашэнкаDrop of Light/shutterstock

У працы над ордарам на арышт Лукашэнкі акцэнт робіцца на індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта на «Форуме Астрожскіх» у Кіеве распавяла Анісія Сынюк з цэнтру правоў чалавека «Зміна»? Аб чым паведамляе Еўрарадыё.

«Мы падтрымліваем сувязь са следчымі Міжнароднага крымінальнага суда, якія працуюць над справай па дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Мы адзначалі для сябе два моманты, — кажа Анісія Сынюк. — Першы — іх зацікавіў фокус на індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей, таму што тут ёсць доказы, што гэта адбывалася і дагэтуль адбываецца на тэрыторыі Беларусі.

А калі мы разважаем менавіта пра дэпартацыю — там ёсць пытанні, датычныя згоды бацькоў дзяцей на іх перавозку ў Беларусь. Усё гэта патрабуе дадатковага даследавання і доказаў. Бо іх прывозяць у Беларусь не з намерам пакінуць і зрабіць з іх беларусаў, як робяць расіяне, перамяшчаючы іх у Расію».

Таму, паводле слоў праваабаронцы, акцэнт пакуль што робіцца не на дэпартацыю, а менавіта на мілітарызацыю і індактрынацыю. «Мы кажам пра дыскрымінацыйны пераслед як злачынства супраць чалавечнасці, — дадае яна. — Тут мы рухаемся далей і спадзяёмся, што МКС выдасць ордар на арышт Лукашэнкі, Мішусціна, Мезенцава, Талая».

Крыніца: Еўрарадыё

нг