Беларуская Служба

Мікалай Аўтуховіч непакоіцца за сваё жыццё

18.11.2024 14:30
Павітвязень выйшаў на сувязь са сваякамі пасля больш як месяца маўчання.
Мікалай Аўтуховічspring96.org

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч паведаміў, што цягам 21 дня быў у ШЫЗА. Прычыны пакарання Аўтуховіч не паведаміў. Як стала вядома «Свабодзе», палітвязень адчувае сябе дрэнна і непакоіцца за жыццё.

18 лістапада Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у гродзенскай турме, выйшаў на сувязь са сваякамі пасля больш як месяца маўчання. Ад палітвязня стала вядома, што ён адбыў 21 дзень у ШЫЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медычную дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворванні.



«Размова па тэлефоне была кароткай. Паспеў сказаць, што пачуваецца «не вельмі», бо 21 дзень прабыў у «санаторыі». Гэтак вязні там завуць ШЫЗА. Яшчэ паспеў сказаць, што было вельмі халодна, толькі ў канцы тэрміну ў камеры адрамантавалі ацяпленне. Начамі, сказаў, увогуле «катастрофа», так было халодна», - расказала крыніца са спасылкай на сваякоў Мікалая Аўтуховіча.

Паводле яе, Мікалай Аўтуховіч скардзіўся на недахоп медычнай дапамогі.

«Ён хранічны гіпертонік, яму трэба рэгулярна кантраляваць ціск. Але сказаў, што забралі танометр, хаця ў яго быў дазвол на карыстанне. Яшчэ нерэгулярна выклікалі да яго лекара, калі ён прасіў дапамогі. Кажа, толькі ў адным з пяці выпадкаў выклікалі. Як звычайна, ён няшмат казаў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што «калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна».

Паводле звестак крыніцы, у Мікалая Аўтуховіча пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.

«Ён збіраецца скардзіцца на ўтрыманне ў ШЫЗА і неаказанне медычнай дапамогі», — паведаміла крыніца.

Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску, ветэран вайны ў Афганістане часоў СССР Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў зняволення паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «замахам на захоп дзяржаўнай улады» і «замахам на акт тэрарызму».

Аўтуховіча затрымалі ў пачатку снежня 2020 года. У гродзенскай турме № 1 Мікалай Аўтуховіч ужо некалькі разоў трапляў у ШЫЗА. Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязнем.

аз