Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА

25.11.2024 16:42
Яна падкрэсліла важнасць перамен у Беларусі, партнёрства дэмакратычных урадаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, нагадала пра ілюзію вечнасці дыктатуры.
.
.фота: ТГ С. ЦІханоўскай

Святлана Ціханоўская выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА ў Манрэале, узяла ўдзел у Міжнародным форуме па бяспецы ў Галіфаксе, правяла шэраг сустрэч высокага ўзроўню.

Візіт кіраўніца Кабінета пачала з сустрэчы з міністаркай замежных спраў Канады падчас Міжнароднага форуму па бяспецы ў Галіфаксе. Ціханоўская і Мелані Жалі абмеркавалі запуск Канадай стратэгічных кансультацый з дэмакратычнай Беларуссю (першае пасяджэнне адбудзецца 26 лістапада); падтрымку дэмакратычнай Беларусі падчас старшынства Канады ў G7; будучыню Беларусі ў кантэксце падзей ва Украіне; працяг праграмы дапамогі беларускім незалежным медыя; магчымасць падтрымкі Канадай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі з мэтай выдачы ордара на яго арышт; магчымы ўнёсак Канады ў Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі беларускіх рэпрэсаваных.

Святлана Ціханоўская таксама выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА ў Манрэале. Яна падкрэсліла важнасць перамен у Беларусі, партнёрства дэмакратычных урадаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, нагадала пра ілюзію вечнасці дыктатуры, заклікала міжнародную супольнасць асудзіць фальшывыя выбары, запланаваныя рэжымам у 2025 годзе, і падтрымаць ініцыятывы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку праз міжнародныя суды.

Акрамя таго, беларуская лідарка сустрэлася з прадстаўнікамі дыяспары Манрэаля. Абмеркавалі планы дзеянняў на «бязвыбары 2025»; рашэнні праблем легалізацыі і пратэрмінаваных пашпартоў; падтрымку ініцыятывы «Эстафета салідарнасці» з палітвязнямі; праграмы па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці; каардынацыю працы беларускіх дыяспар; адносіны Беларусі з Украінай.

ТГ С.Ціханоўскай/ав