Беларуска Руслана Панчышына, якая жыве ў Іспаніі, пасля паспяховага ўдзелу ў мясцовай версіі праекта «Фабрыка зорак» атрымала прэстыжную музычную прэмію, выпусціла студыйны альбом і пачала канцэртны тур у яго падтрымку. 8 лістапада Руслане ўручылі ўзнагароду прэміі LOS40 Music Awards, якую ўжо 19-ты раз правяла найбуйнейшая ў краіне музычная радыёстанцыя LOS40, нагадала старонка «Беларусь і свет».
Беларуска выйграла ў намінацыі «Лепшы новы артыст або гурт у Іспаніі». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Барселоне. Яе транслявалі, акрамя самога радыё LOS40, прыватны тэлеканал Divinity, лічбавая платформа Originales por M+ і відэасэрвіс YouTube.
Форум адначасова з'яўляўся тэлемарафонам у падтрымку ахвяр нядаўняй паводкі ў Валенсіі. Удалося сабраць амаль паўмільёна еўра. На ім пабывалі многія зоркі іспанскага і лацінаамерыканскага шоў-бізнесу, у тым ліку Энрыке Іглесіяс.
Таксама ў Русланы 15 лістапада выйшаў першы альбом, які носіць назву Genesis. Ён выпушчаны Universal Music Spain - падраздзяленнем найбуйнейшага ў свеце музычнага лэйбла Universal Music Group.
У дзень выхаду альбома пачаўся і канцэртны тур маладой спявачкі па Іспаніі ў ягоную падтрымку. Білеты на ўсе названыя канцэрты, як сказана на сайце Русланы, былі раскуплены ў рэкордныя тэрміны, за пару гадзін пасля паступлення ў продаж. І зараз пачата ўжо рэалізацыя білетаў на канцэрты 2025 года.
аз