У Беларусі пражывае больш за 549 тысяч людзей з інваліднасцю, гэта 6% насельніцтва краіны, паведаміла на прэс-канферэнцыі 28 лістапада ў Мінску намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, на што звярнула ўвагу «Свабода».
Паводле чыноўніцы, пераважае II група інваліднасці, яе маюць 225,3 тысячы чалавек. Другая паводле распаўсюджанасці — III група, самая малалікая — I група.
Арцёменка паведаміла, што інвалідаў па зроку ў краіне больш за 25 тыс., па слыху — больш за 10 тыс. Самая шматлікая, як сказала чыноўніца, — група інвалідаў «праз агульнае захворванне».
Кажучы пра працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, намесніца міністра адзначыла, што «важны ўнёсак» у яго робяць грамадскія аб'яднанні інвалідаў. У Беларусі, паведаміла яна, дзейнічае 79 прадпрыемстваў і тры грамадскія аб'яднанні інвалідаў, дзе працуюць звыш 7 тысяч чалавек, больш за палову з іх — людзі з інваліднасцю.
Начальніца аддзелу адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР) Міністэрства адукацыі Ала Вераценнікава заявіла, што ў Беларусі «штогод абнаўляецца банк дадзеных пра дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які дазваляе адсочваць тэндэнцыі ў іх адукацыі».
Паводле інфармацыі прадстаўніцы ведамства, на 15 верасня 2023 году банк дадзеных утрымліваў інфармацыю больш як пра 180 тысяч дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з якіх 17 тысяч — дзеці з інваліднасцю.
У Беларусі, адзначыла Вераценнікава, функцыянуе 235 устаноў спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 48 спецыяльных дзіцячых садоў, 46 спецыяльных школ і спецыяльных школ-інтэрнатаў, 141 цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.
Як паведамляла ў лістападзе 2023 году дырэктарка Інстытуту інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя М. Танка Вера Хітрук, колькасць дзяцей, якія маюць тыя ці іншыя асаблівасці псіхафізічнага развіцця, складала ў Беларусі 183,2 тысячы. У параўнанні з папярэднім навучальным годам гэтая лічба павялічылася амаль на 4 тысячы.
яс